Гісторыя палітвязня: "Калі жонка падала на развод, ім гэта было на радасць"

Яўген Бароўскі

Яўген Бароўскі / @rubanau_collage

Яўген Бароўскі заступіўся за незнаёмага мужчыну на адным з маршаў салідарнасці. Ён не ведае, хто быў той чалавек.

Яўген ніводнага разу не ўдарыў сілавіка. Але толькі за пагрозу прымянення гвалту ў іх адрас суддзя забраў у яго 4 гады маладосці. Амаль 4 гады Яўген правёў у калоніі.

"Там да нізкага статусу, да чалавека, які, напрыклад, дзяўчынку малую згвалціў, адміністрацыя ставіцца лепш, чым да нас, палітычных. Калі гарбаты хтосьці з намі пап'е, то адразу аўтаматычна абодвух у ШІЗА", — расказвае Яўген журналістам Еўрарадыё, калі мы сустракаемся ў Варшаве.

"Я нават не ведаю, як гэта назваць. Там звярынец. Там проста дзікія людзі, кожны сам за сябе і выжывае, як можа".

Калі ён з'язджаў з Беларусі, з сабой меў толькі невялікую сумку.

"Кофта, штаны, майка, паўэрбанк і запасная пара абутку. А, ну і 75 еўра ў кішэні. Усё, больш нічога не было", — расказвае Яўген і паказвае нам сумку, з якой з'язджаў з Беларусі.

Цяпер ён шукае працу ў Польшчы. Вы можаце дапамагчы Яўгену знайсці працу ў сферы рамонту машын — ці падтрымаць персанальны збор палітвязня на BySol.

 

"Памятаю, ён быў такі поўненькі"

Увечары 9 жніўня 2020 года Яўген заснуў. А калі прачнуўся, была ўжо ноч. У тэлефоне — паведамленні ад сяброў. У інтэрнэце — відэа сутыкненняў з сілавікамі.

Больш за ўсё мяне зачапіла відэа з Акрэсціна. Там кагосьці выпусцілі, і дзяўчына плакала. Так плакала... проста неймаверна. Валанцёры давалі нейкую ежу. І мяне гэта вельмі кранула. Потым я паглядзеў яшчэ пару відэа, на якіх АМАП жанчын біў дубінкамі. І я зразумеў, што таксама мушу праявіць салідарнасць.

Я і на судзе таксама сказаў: на мітынгі я выходзіў у падтрымку людзей і супраць гвалту з боку супрацоўнікаў.

Марш, які зменіць наступныя 4 гады жыцця Яўгена, прайшоў у кастрычніку. Недалёка ад станцыі метро Пушкінская сілавікі спрабавалі затрымаць мужчыну.

Памятаю, ён быў такі поўненькі. Таму, напэўна, яны і не здолелі яго зацягнуць у бус адразу. Яны яго пад рукі бралі, а ён проста ўсёй вагой падаў — і ўсё. І тут людзі вакол сталі дапамагаць. Памятаю, што нейкія скрынкі кідалі.

Потым ужо з крымінальнай справы я даведаўся, што ў мікрааўтобусе разбілі шыбу. Мабыць, яны (сілавікі) разумелі, што чым больш яны тут затрымаюцца, тым больш сумна ўсё можа скончыцца.

История политзаключённого: “Когда жена подала на развод, им это было в радость”
Яўген Бароўскі / Euroradio

Яўген нікога не ўдарыў, але ведаў, што трапіў на відэа гэтых падзей. І праз некалькі дзён яго затрымалі. Ён кажа, што не хоча ўспамінаць той вечар. Кажа, што момант затрымання быў — ён падбірае слова — брыдкі.

— Гэта было настолькі хутка... Проста наносяць мне ўдар — і я адразу падаю на зямлю. Падбягаюць пяць-шэсць чалавек. Хтосьці крычыць: "Вы затрыманыя па падазрэнні..." Ну і ўсё. У мікрааўтобусе мяне паклалі на падлогу.

Сілавікі запісалі відэа, на якім пыталіся ў Яўгена, ці наносіў ён удары іх калегам. Яўген сказаў — не. Дадаў: можа, і хацеў, але вакол было столькі людзей, што нават калі б і захацеў, то не змог бы гэтага зрабіць.

Яўген паказвае, куды яго білі. Расказвае, што пасля гэтага збіцця тыдзень было цяжка хадзіць.

 

"Там звярынец. Проста дзікія людзі"

Адразу пасля этапавання ў калонію Яўгена адправілі ў ШІЗА.

— Пакойчык "два на тры". Маленькія акенцы. Ты нават не разумееш, колькі часу. Ложкі — проста дошкі. Пасцельнай бялізны, падушак — нічога няма. Проста дошка.

Але гэтага было мала, каб палітвязень адчуў сябе кепска. Адміністрацыя вырашыла, што сядзець у ШІЗА аднаму гэта занадта шыкоўныя ўмовы.

История политзаключённого: “Когда жена подала на развод, им это было в радость”
"Там проста звярынец" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

— Таму яны падсаджвалі нас да людзей, у якіх, скажам так, з галавой не ўсё добра. Я нават не ведаю, як гэта назваць. Там звярынец. Там проста дзікія людзі, кожны сам за сябе і выжывае, як можа.

За час адседкі Яўген "зарабіў" гаймарыт, але гэта не перашкодзіла адміністрацыі зноў адправіць яго ў ШІЗА. Лячылі вязня антыбіётыкамі, але ва ўмовах адсутнасці вітамінаў і нармальнага харчавання яны моцна білі па арганізме.

Плюс — холад. Зіма. Бетонныя сцены ШІЗА. Яўген вельмі худы, таму ён з галавой ўлазіў у завялікую для яго робу, і толькі гэтым ратаваўся.

Былая жонка Яўгена пісала лісты ва ўсе даступныя інстанцыі, артыкулы пра палітвязня публікавалі праваабаронцы "Вясны". Але гэта не дапамагала, а рабіла яго жыццё ў калоніі толькі цяжэйшым.

Мне сказалі: ты з ШІЗА выйдзеш, толькі калі яны ўсе гэтыя скаргі павыдаляюць, — кажа Яўген.  — Я патэлефанаваў і сказаў: Вераніка, не пішы нічога. Таму што можна пагоршыць сітуацыю настолькі, што мы з табой і па тэлефоне не пагаворым, і не ўбачымся. І калі жонка падала на развод, для іх гэта было на радасць, таму што больш няма каму было пісаць скаргі.

Яўген — сірата. Пасля разводу яго няма каму было падтрымаць. Каву і цыгарэты яму дасылаў іншы асуджаны, які выйшаў з калоніі раней. Але Яўген кажа, што калі ў калоніі ў цябе ёсць кава і цыгарэты, то гэтага дастаткова. За іх можна вымяняць што заўгодна.

Так што нармальна. Журліва — гэта калі наогул нічога няма.

 

"Я быў на Зыбіцкай, на Кастрычніцкай — усе нейкія прыгнечаныя. Няма іскры ў вачах"

Калі Яўген вызваліўся, у яго была эйфарыя. А ў Мінска — журба.

Можа, гэта таму, што я страціў 4 гады сваёй маладосці? Але шчыра, з кім я ні гаварыў, усе згаджаюцца, што горад змяніўся. Я быў на Зыбіцкай, на Кастрычніцкай — усе нейкія прыгнечаныя. Няма іскры ў вачах. Нават на тусоўках змрочна. Усе сталі нейкія запалоханыя.

Яўген хацеў звязацца з сябрам і напісаў яго жонцы ў сацсетках. Але жонка сябра папрасіла больш не выходзіць на сувязь з іх сям'ёй. Маўляў, гэта можа быць небяспечна для сям'і.

Яўген пахадзіў па Мінску. Ён думаў, што на волі захочацца ўсяго — піцы, кавы, шаўрмы. Ён узяў каву на вынас, схадзіў за шаўрмой. Зразумеў, што яго ўсё яшчэ пужаюць мікрааўтобусы.

Гэтая параноя засталася ў мяне, напэўна, на ўсё жыццё. Едзем з таварышам у машыне, спыняемся на святлафоры, я бачу бус і кажу яму — блакуй дзверы! Карацей, пакінулі ў маёй памяці след гэтыя мікрааўтобусы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.