Цэнзура і адміністрацыйная адказнасць — у Беларусі хочуць змагацца з матам

У Беларусі будуць змагацца з матам сярод моладзі, ілюстрацыйнае фота / the-steppe.com
Грамадскі савет па маральнасці занепакоіўся распаўсюдам мату сярод моладзі, паведамляе афіцыёзная газета "СБ. Беларусь сегодня". Гэты савет створаны Беларускай Праваслаўнай Царквой і Саюзам пісьменнікаў Беларусі.
Савет звярнуўся ў Інстытут сацыялогіі НАН і Беларускі камітэт моладзевых арганізацый з прапановай правесці даследаванне пра ўплыў на грамадства нецэнзурнага маўлення. "Ёсць прапанова грамадскага савета ўключыць у тэматыку адзіных дзён інфармавання насельніцтва Беларусі тэму чысціні маўлення, увесці ў заканадаўства адказнасць за нецэнзурную лаянку", — заявіў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін.
Таксама ён паведаміў, што з ініцыятывы савета пройдзе рэспубліканскі студэнцкі конкурс сацыяльных ролікаў аб чысціні маўлення і згубнасці ненарматыўнай лексікі. А сумесна з прадзюсарскім цэнтрам "Белроскіно" плануецца стварыць і распаўсюдзіць у сацсетках тэматычныя сацыяльныя ролікі, скіраваныя супраць "брыдкаслоўя, азартных гульняў, ужывання энергетыкаў і іншых тавараў, здольных нанесці шкоду здароўю".
Сустаршыня савета, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Шаўцоў прапанаваў забараніць трансляцыю ў Беларусі песень з нецэнзурнай лескікай: "Хачу звярнуць увагу, такую музыку дзеці слухаюць, у тым ліку на канцэртах. У выніку робяць для сябе выснову: калі гэта транслюецца са сцэны, значыць, гэта добра. Нам патрэбныя фільтры, каб абмежаваць такі кантэнт. Думаю, што ў гэтым пытанні трэба працаваць з Міністэрствам культуры і іншымі ведамствамі. Я за тое, каб музычны матэрыял з нецэнзурнай лексікай не пастаўляўся для трансляцыі на тэрыторыю нашай краіны".
Шаўцоў лічыць, што трэба браць прыклад з цэнзуры савецкага часу: "Магчыма, гэта цэнзура. Але нічога дрэннага ў гэтым няма. Як прыклад — у Савецкім Саюзе адсочвалася, што прапануецца гледачам і слухачам у сферы культуры".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.