Колькасць беларускіх студэнтаў у замежных ВНУ працягвае павялічвацца
Беларусь губляе значную частку моладзі
Колькасць беларускіх студэнтаў у замежных ВНУ працягвае павялічвацца. Штогод іх у Еўропе становіцца больш на 10%. Асноўныя напрамкі — Польшча, Літва, Германія і Чэхія. У Беларусі штогод студэнтаў становіцца менш прыкладна на 5%. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні інстытута “Палітычная сфера”. Яго аўтары прааналізалі даныя аб колькасці студэнтаў у замежных ВНУ за апошняе дзесяцігоддзе (бягучы навучальны год не ўзяты пад увагу з-за адсутнасці статыстычных звестак).
Заходні напрамак для атрымання вышэйшай адукацыі застаецца прывабным для беларускай моладзі. У мінулым навучальным годзе больш за 18000 беларускіх студэнтаў навучаліся ў еўрапейскіх універсітэтах.
У Еўропе нязменна лідыруе Польшча. Беларускія студэнты — другая замежная група ў польскіх ВНУ (пасля ўкраінцаў).
"З 2013 года штогод было прыкладна 500 студэнтаў плюс, — расказвае polskieradio.pl адна з аўтараў даследавання Лізавета Пракопчык. — З 2017/2018 выбухны рост — плюс тысяча. Самы выбухны рост адбыўся ў 2022/2023 годзе, дадалося 1600 студэнтаў".
У Літве колькасць беларускіх студэнтаў перавышае 1500 чалавек.
Да 2022/2023 навучальнага года дынаміка ў Расіі была адмоўная, беларускіх студэнтаў станавілася менш. Пасля ўмовы для паступлення палепшыліся, і ўжо ў 2023/2024 годзе ў РФ навучалася каля 11000 чалавек. і ўсё ж большасць моладзі выбірае не Расію, а краіны ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.