Яскрава зэтнуліся — акцёры беларускіх стужак, якія падтрымалі вайну ва Украіне
Z-артысты у беларускім кіно
Падчас зімовых канікул на дзяржаўных тэлеканалах часта можна сустрэць айчыннае кіно, створанае ў часы БССР і незалежнай Беларусі. Ідэолагі лічаць, што яно зараджае гледачоў павышанай духоўнасцю і так званымі “традыцыйнымі каштоўнасцямі”, пра якія шмат разважаюць улады.
Але калі прыгледзецца да біяграфій артыстаў, што граюць у гэтых фільмах, можна даведацца шмат непрыемнага. Напрыклад, што яны падтрымліваюць вайну ва Украіне і не маюць нічога супраць крыважэрнай палітыкі Крамля.
Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі расказвае пра Z-артыстаў, вядомых нам з запамінальных кінавобразаў.
Яна Паплаўская з тэлемюзікла "Пра Чырвоны Каптурок"
“А-ах, кракадзілы, бегемоты, а-ах, малпы, кашалоты”, — бесклапотна спявала ў знакамітым тэлемюзікле Леаніда Нячаева 10-гадовая масквічка Яна Паплаўская. Яе галоўная роля эмпатычнай і смелай дзяўчынкі ў чырвоным каптурку стала галоўнай у яе далейшай кінакар’еры, урэзаўшыся ў памяць не аднаму пакаленню постсавецкіх гледачоў.
Вось толькі пасталелая Паплаўская на каштоўнасным узроўні моцна разышлася са сваім экранным вобразам. Спачатку артыстка публічна падтрымала анексію Крыма ў 2014 годзе, а потым — паўнамасштабнае ўварванне Расіі ва Украіну.
Горш за тое, яна пачала цкаваць артыстаў, якія не падтрымалі палітыкі Крамля: ухваліла данос на акцёра Данілу Казлоўскага і паспрыяла адмене паказаў коміка і шоумена Аляксандра Гудкова.
За што трапіла ў санкцыйны спіс Украіны як распальвальніца вайны — цалкам заслужана.
Сяргей “Тарзан” Глушко з гістарычнай драмы “Анастасія Слуцкая”
Высокі бландзін з мянушкай Тарзан, даўгімі валасамі і напампаваным торсам, муж спявачкі Наташы Каралёвай. Менавіта так апісваюць у рускамоўных таблоідах пачатку нулявых бодыбілдара і стрыптызёра з Архангельскай вобласці Сяргея Глушко.
Яго рэнамэ секс-сімвала дапамагло расіяніну атрымаць першую ролю ў фільме “Анастасія Слуцкая” Юрыя Ялхова. Глушко сыграў паганца Будзіміра, які плёскаецца галяком у лясной сажалцы з маладой Святланай Зелянкоўскай, што грала княгіню слуцкую.
Праз дваццаць гадоў Глушко адкрыта падтрымаў вайну ва Украіне, сцвярджаючы, што "рускі свет быў, ёсць і будзе".
“Ніякая нежыць не зможа гэтаму супрацьстаяць. А яшчэ лепш вазьміцеся за падручнікі. У адваротным выпадку гісторыя сама за вас возьмецца”, — пісаў артыст у сацсетках.
Мяркуецца, што пазіцыю Тарзана падзяляе і Наташа Каралёва, якая працягвае выступаць на праўладных канцэртах.
Аляксей Краўчанка з ваеннай драмы “Ідзі і глядзі”
Немагчыма ўявіць больш антываенны фільм, чым драма Элема Клімава “Ідзі і глядзі”, якая разрывае сэрца. Усе выпрабаванні, якія перанеслі беларусы падчас нацысцкай акупацыі, увасобіў персанаж маладога партызана Флёры Гайшуна, якога сыграў расійскі акцёр-пачатковец Аляксей Краўчанка.
Але ў сталым узросце артыст цалкам забыўся на антываенны пафас і пачаў актыўна здымацца ў прапагандысцкіх стужках, што праслаўляюць рускую зброю і наймітаў: “Санцапёк”, “Шугалей 3”, “Найлепшыя ў пекле”, за што Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны ўнесла яго ў спіс асоб, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы.
Уладзімір Гасцюхін з ваеннай драмы “Узыходжанне”
Артыст са Свярдлоўска Уладзімір Гасцюхін у савецкія часы шмат здымаўся ў стужках паводле прозы беларускіх пісьменнікаў. Яго можна сустрэць у драмах “Знак бяды”, “Наш бронецягнік”, “Вазьму твой боль” Міхаіла Пташука, але найбольш у яго фільмаграфіі вылучаецца роля Мікалая Рыбака — калабаранта ў не па-савецку хрысціянскай драме Ларысы Шапіцька “Узыходжанне”.
Майстар тонкага псіхалагізму Гасцюхін у жыцці аказаўся трывіяльным ультракансерватарам, прыхільнікам рэжымаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Падтрымаў артыст і вайну ва Украіне, падпісаўшы публічны ліст ад 150 дзеячаў культуры — і гэта каштавала яму адносін з пазашлюбнай дачкой і сястрой.
"Дачка адышла ад Расіі. Яна прыняла амерыканскі бок", — наракаў Гасцюхін у размове з тэлеканалам “Расія 1”. Пра сястру, якая жыве ў Харкаве, ён сказаў, што "ёй гэтая ўкраінская прапаганда затлуміла галаву".
Дзмітрый “Хаскі” Кузняцоў з драмы “Крышталь”
У адрозненне ад згаданых артыстаў, расійскі рэпер Хаскі трапіў у стужку Дар’і Жук у момант, калі яго пазіцыя што да вайны была цалкам акрэсленая.
З 2014 года ён адкрыта выказваў падтрымку прарасійскім сілам на ўсходзе Украіны, выступаў у акупаваных раёнах Данецкай вобласці і падтрымліваў баевікоў так званай ДНР.
Усё гэта стварыла праблемы ў прасоўванні фільма, адкуль “Хаскі” ад граху падалей выразалі. Гэта дапамагло — стужку адабралі ў конкурс Адэскага кінафестывалю, дзе “Крышталь” атрымаў Гран-пры “Залаты Дзюк”.
Роль у Кузняцова ў “Крышталі” неістотная — ён з’яўляецца ў адным з эпізодаў у якасці татуіроўшчыка, але таксічнасць яго асобы папсавала шматы крыві стваральнікам фільма.
Андрэй Голубеў з ваеннай драмы “Чаклун і Румба”
У сваёй творчасці беларускі акцёр і рэжысёр Андрэй Голубеў падкрэсліваў любоў да мілітарысцкай тэматыкі. Ён зняў фільм “Чаклун і Румба” пра адносіны чырвонаармейца і сабакі падчас Вялікай Айчыннай, а таксама паставіў серыял пра сілавікоў “Крапавы берэт”. І гэта не кажучы пра шматлікія фільмы і серыялы, у якіх ён сыграў ролі рускамоўных салдат ці спецназацаў.
Гэтае захапленне ваеншчынай вылезла на свет вясной 2022 года, калі Голубеў пачаў пісаць у сацсетках, што ва Украіне квітнее фашызм, а Расія мусіць з ім разабрацца раз і назаўсёды.
Сваю пазіцыю артыст падтрымаў і мастацкім чынам — зняўшыся вясной 2024 года ў ролі вайскоўца з мянушкай Нокіа (амаж на баевіка Матаролу) у прапагандысцкім баевіку “Сваіх не кідаем”.
Свой удзел у фільме Голубеў патлумачыў Еўрарадыё як шараговы выпадак: “Магу толькі сказаць, што нічога яскрава палітычнага там няма. І не трэба калупацца, спрабуючы сарваць хайп на гэтым”.
Геннадзь Давыдзька з драмы “Брэсцкая крэпасць”
Іронія лёсу: Генадзя Давыдзьку беларусы лепш ведаюць дзякуючы яго палітычнай кар’еры, а не мастацкай. Выканаўца роляў у стужках “Павадыр”, “Анастасія Слуцкая”, “Брэсцкая крэпасць”, “У жніўні 44-га” паспеў пабыць і дэпутатам, і кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі і праўладнага аб’яднання “Белая Русь”.
Роля зацятага дзяржаўніка Давыдзьку ўдалася лепш за іншыя, што ён неаднойчы дэманстраваў.
У красавіку 2022 года экс-артыст заявіў, што беларусы перажываюць за ўкраінскі народ і гатовыя спрыяць яго вызваленню ад "нацысцкай улады", падкрэсліўшы, што расійскае войска ім у гэтым дапамагае.
Перыядычна Давыдзька нёс і адкрытую ідэалагічную бязглудзіцу, адзначаючы, напрыклад, што наяўнасць Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі "блытае карты" Захаду.
Адданасць рэжыму прынесла палітыку і прапагандысту толькі часовыя бенефіты. На гэты момант амаль 69-гадовы Давыдзька не фігуруе ні на адной заўважнай афіцыйнай пасадзе і, хутчэй за ўсё, сядзіць на пенсіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.