Беларускі экстрэмал скочыў з вышыні 7620 метраў і пабіў рэкорд Тома Круза
Скачок Юрыя Коцура
Беларускі экстрэмал Юрый Коцур здзейсніў скачок з парашутам з вышыні 7620 метраў. Гэта афіцыйна самая вялікая вышыня скачка па тэхніцы HALO, адзначае Onliner.
Папярэдні рэкорд у гэтай катэгорыі паставіў галівудскі актор Том Круз.
Скачок адбыўся ў Даніі — гэта адзіная ў Еўропе спецыяльная парашутная зона, якая дазваляе спартсменам працаваць з такой экстрэмальнай вышынёй. Згодна з тэхнікай HALO, парашутыст пакідае самалёт у максімальна высокай кропцы, а купал раскрывае ў максімальна магчымай нізкай. Такі стыль спярша выкарыстоўвалі вайскоўцы, а за імі перанялі і цывільныя экстрэмалы.
Юрый Коцур расказаў, што пры такіх скачках трэба ўлічваць шмат нюансаў, бо ад іх залежыць жыццё. "Тэмпература на такой вышыні — мінус 25 градусаў, кіслароду нестае — патрэбныя спецыяльны касцюм і кіслародная маска. Плюс да мяне быў падлучаны апарат, які кантраляваў стан майго арганізма прыкладна дваццаць разоў у секунду падчас скачка. Калі б адбылася разгерметызацыя шлема і я страціў прытомнасць, дык парашут б адкрыла аўтаматыка. Але ўсё прайшло добра", — падзяліўся падрабязнасцямі экстрэмал.
Паводле яго, таймер паказаў 1 хвіліну 45 секунд свабоднага падзення.
Юрый займаецца парашутным спортам з 2003 года. На яго рахунку ўжо больш за паўтысячы скачкоў. Цяперашні рэкорд Юрыя быў афіцыйна пацверджаны экспертамі Міжнароднай Кнігі рэкордаў INTERRECORD.
Пра тое, што ён спаборнічае з рэкордам Тома Круза, беларус даведаўся ў апошні момант. "Найс ту хэв, як той казаў, але гэта быў не прынцыповы момант. Хоць цяпер мая жонка можа ганарыцца, што я круцейшы за Тома — гэта прыемна гучыць", — пажартаваў экстрэмал.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.