Германія прыпыніла дамову аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання з Беларуссю

Германія, Берлін

Германія, Берлін / pixabay.com

Урад Германіі прыпыніў дзеянне дамовы аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання з Беларуссю. Дамова перастае дзейнічаць ад 1 студзеня.

Раней Беларусь сама прыняла рашэнне прыпыніць дзеянне некаторых частак пагаднення, паведамляе Федэральны ўрад Германіі.

Калі Беларусь адменіць сваё рашэнне, то і Федэральны ўрад разгледзіць магчымасць адмены свайго пастановы, гаворыцца ў паведамленні Міністэрства фінансаў Германіі.

 

Што гэта азначае?

У мінулым годзе Беларусь часова (да 31 студзеня 2026 года) выйшла з міжнародных дамоваў аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання. Афіцыйны Мінск заяўляў, што дамова аб падвойным падаткаабкладанні была ліквідаваная ў адказ на эканамічныя санкцыі.

Абмежаванні тычыліся кампаній і беларусаў, якія працуюць у ЗША, Польшчы, Францыі, Даніі, Швецыі, Бельгіі, Літве, Латвіі, Нідэрландах, Чэхіі, Балгарыі, Эстоніі, Румыніі, Кіпры, Швейцарыі, Славакіі, Аўстрыі, Венгрыі, Харватыі, Паўночнай Македоніі, Італіі, Германіі, Фінляндыі, Ірландыі, Славеніі, Іспаніі і Вялікабрытаніі.

"Як гэта працавала раней? Калі ты атрымліваў грошы за мяжой як прадпрымальнік ці супрацоўнік па найме, то мог справаздачыцца, маўляў, вось я зарабіў столькі ў ЕС. І калі падатковыя стаўкі ў канкрэтнай краіне Еўрасаюзу ніжэйшыя, чым у Беларусі, то ты павінен быў аплаціць розніцу. У гэтым сутнасць пагаднення: яно дазваляла жыць за мяжой і сумленна плаціць падаткі. Гэта ж працавала ў адваротны бок. Цяпер жа скасаванне дамоўленасці ўскладняе жыццё, і ў першую чаргу прадпрымальнікам", — тлумачыў Еўрарадыё палітык, бізнэсмен і блогер Аляксандр Кныровіч.

У выніку прыпынення дзеяння гэтых пагадненняў грамадзянам і кампаніям-рэзідэнтам Беларусі давядзецца плаціць падаткі двойчы: у замежнай краіне і ў Беларусі. Вось як каментуе сітуацыю навуковы супрацоўнік цэнтра BEROC Алег Мазоль.

"Не выключаю, што гэта робіцца і для таго, каб паспрабаваць фінансава пакараць грамадзян Беларусі, якія з'ехалі з краіны пад уплывам палітычных рэпрэсій. Пры гэтым самай складанай задачай для рэжыму будзе атрымаць фінансавую інфармацыю аб даходах беларусаў, якія працуюць за мяжой, паколькі пагадненні аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання рэгулявалі і працэдуры ўзаемнага абмену фінансавай інфармацыяй", — кажа суразмоўнік Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі