Больш за 1,8 тыс. аўто стаяць у чарзе на беларуска-польскай мяжы

Брэст

Брэст / belarus-tomsk.ru

Вар'яцкія чэргі з аўтамабіляў утварыліся на беларуска-польскай мяжы. Ужо больш за 1,8 тыс. легкавых аўто чакаюць магчымасці трапіць у ЕС праз пункт пропуску "Брэст". У спецыялізаваных чатах падлічваюць, што ў такой чарзе трэба будзе стаяць больш чатырох сутак!

Каб не звар'яцець у гэтай чарзе, зарэгіструйцеся ў "зоне чакання". Але дзеля гэтага прыйдзецца прыехаць да мяжы і атрымаць свой "нумарок". І трэба будзе аплаціць мыту: для легкавых аўто і матацыклаў гэта 12,6 рублёў.

Рэгіструецеся — і з'язджаеце гуляць па Брэсце. Прыкладна за гадзіну да таго, як падыдзе чарга, вам патэлефануюць або адправяць паведамленне ў мессенджер. І тады можна будзе зноў выязджаць да мяжы.

Такая паслуга з'явілася толькі ў кастрычніку. А да гэтага беларусам даводзілася літаральна суткамі стаяць проста на мяжы. Гэта значыць, яны спалі ў машынах і думалі пра тое, ці хопіць запасаў ежы да Польшчы і ці не прыйдзецца галадаць у чаканні.

Так, нават калі вы сёння зарэгіструецеся ў чарзе, вам усё роўна прыйдзецца некалькі сутак чакаць магчымасці трапіць у Польшчу. Але вы зможаце правесці гэты час не ў аўто, а на прагулцы па Брэсце. Ці дома, калі вы жывяце не вельмі далёка ад мяжы. Больш за ўсё гэтая опцыя радуе берасцейцаў і жыхароў вобласці, а вось беларусам з усходніх рэгіёнаў не пазайздросціш: у іх шлях да мяжы займае нямала часу.

Магчымасці зарэгістравацца ў "зоне чакання" онлайн няма. Верагодна, дзеля таго, каб людзі не браніравалі адразу некалькі месцаў і такім чынам яшчэ больш не "расцягвалі чаргу".

 

Можа хутчэй аўтобусам?

Можа і хутчэй, але таксама няхутка. У чатах даюць справаздачу, што праходжанне мяжы цяпер займае каля 16 гадзін. Але гэты час вандроўцы вымушаныя праводзіць у аўтобусе, а гэта не самыя камфортныя ўмовы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі