Былая кіраўніца ТБМ Алена Анісім працуе настаўніцай
Алена Анісім
Экс-кіраўніца Таварыства беларускай мовы і былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім працуе настаўніцай беларускай мовы. Перад гэтым больш за год яна не магла знайсці працу, пішуць "Кулуары".
Папярэднім месцам працы Анісім быў Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай Акадэміі навук. Аднак у 2023 годзе яе затрымлівалі на працоўным месцы, на 12 сутак адпраўлялі пад арышт. І пасля гэтага звольнілі. З'язджаць з Беларусі яна не захацела.
"Я спрабавала ўладкавацца ў розных месцах, але нічога не атрымлівалася", — расказвае Алена Анісім. У выніку яна пайшла ў аддзел адукацыі, там "далі спіс школ з вакансіямі і сказалі, што рашэнне будзе за дырэктарам".
"Я пайшла да дырэктаркі адной са школ. Яна кажа: так, мне патрэбныя людзі, — працягвае аповед Анісім. — Гэта была сярэдзіна жніўня. Мне трэба было ўзяць даведку з міліцыі пра тое, што яны да мне не маюць прэтэнзій. Карацей, 30 жніўня я аформілася, а 2 верасня ўжо выйшла на працу".
Яе "адміністратыўка" за год была "пагашаная". Пра гэта было паведамлена ў даведцы, за якую трэба заплаціць палову базавай велічыні (у 2024-м базавая складала 40 рублёў).
Вярхоўны суд ліквідаваў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны восенню 2021-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.