Дзяцей "экстрэмістаў" афіцыйна дазволілі ставіць у СНС

Дзіця, ілюстрацыйнае фота

Дзіця, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У сацыяльна небяспечным становішчы (СНС) могуць прызнаць дзяцей, калі іх бацькоў судзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за "распаўсюд экстрэмізму".

Гэта вынікае з пастановы Саўміна, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Артыкул 19.11. КаАП "Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць" пастаўлены ў адзін шэраг з п'яным кіраваннем аўто, вырошчваннем наркатычных раслін, дробным хуліганствам і прастытуцыяй.

Таксама дзіця могуць афіцыйна ставіць у СНС, калі бацькі не рэгіструюць яго па месцы жыхарства на працягу месяца пасля нараджэння ці пераезду. У СНС могуць паставіць дзіця, калі яно ўцякае з дому, здзейсніла спробу суіцыду, атрымала траўму ад пажару, падзення з вышыні або атручвання алкаголем або псіхаактыўнымі рэчывамі.

Год таму Саўмін пастанавіў, што ў СНС могуць ставіць дзяцей "дармаедаў" — калі адзіны ці абодва бацькі не працуюць больш за тры месяцы.

Пастанова набыла моц 1 студзеня.

На практыцы дзяцей і раней прызнавалі ў СНС, калі аднаго з бацькоў судзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". У камісіях пры гэтым заяўлялі пра "няправільнае ідэалагічнае выхаванне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі