Жодзінскіх экс-сілавікоў будуць судзіць за зварот у жніўні 2020-га

Злева направа: Дзмітрый Удовін, Віталь Папроцкі, Вячаслаў Ільіч, Андрэй Дарошка, Ігар Кісляк

Злева направа: Дзмітрый Удовін, Віталь Папроцкі, Вячаслаў Ільіч, Андрэй Дарошка, Ігар Кісляк / відэазварот жодзінскіх афіцэраў

У Мінскім абласным судзе 13 студзеня пачнецца працэс над пяцю экс-сілавікамі з Жодзіна.

Ім інкрымінуюць два артыкулы Крымінальнага кодэкса — "прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі" (ч. 3 арт. 361 КК) і "распальванне варожасці" (ч. 3 арт. 130 КК). Мужчынам пагражае ад пяці да дванаццаці гадоў калоніі, заўважыла "Наша Ніва".

12 жніўня Дзмітрый Удовін, Андрэй Дарошка, Вячаслаў Ільіч, Ігар Кісляк і Віталь Папроцкі запісалі зварот да сваіх былых калег. Яны прасілі сваіх былых калег не быць карнікамі. Кожны з удзельнікаў звароту адслужыў больш за 20 гадоў.

54-гадовы Ігар Кісляк у звароце кажа, што выйшаў на пенсію ў званні падпалкоўніка. Да звальнення ён узначальваў аддзел ГУБАЗіК Барысаўскага РАУС. Звольніўся ён у 2012-м, а ў 2014-м стаў прадпрымальнікам. У звароце Кісляк кажа, што за першыя паслявыбарчыя дні атрымаў тэлефанаванні больш як 20 знаёмых, якія не маглі знайсці сваіх сваякоў, хоць некаторыя з іх не ўдзельнічалі ў пратэстах увогуле.

61-гадовы Вячаслаў Ільіч у звароце кажа, што быў намеснікам начальніка Жодзінскага ГАУС, узначальваў крымінальную міліцыю і выйшаў у адстаўку ў 2008-м у званні падпалкоўніка. (Пазней ён быў дырэктарам Жодзінскага гарадскога цэнтра культуры і забаваў). Ён кажа, што нялёгкія для выбару часы былі ва ўсіх пакаленняў, згадвае вайну з фашызмам і Афганістан. "Выконвайце службовы доўг так, як вы хацелі б, як яго выконвалі [у адносінах] да вас і вашых блізкіх. Тады вы здолееце глядзець у вочы народу і цяпер, падчас службы, і пасля, калі будзеце на заслужаным адпачынку", — заяўляе Ільіч.

54-гадовы Андрэй Дарошка заклікае сілавікоў не ствараць паніку ў горадзе. Ён падпалкоўнік, перад пенсіяй (на якую выйшаў у 2012-м) быў намеснікам начальніка Жодзінскага ГАУС па ідэалагічным забеспячэнні ды кадрах. Вядома, што ён быў валанцёрам і дапамагаў дзецям з асаблівасцямі.

54-гадовы Віталь Папроцкі прапануе сілавікам "апомніцца і задумацца". Ён пачынаў кар'еру ў 1999 годзе следчым у міліцыі Жодзіна, дарос да падпалкоўніка юстыцыі. Да вясны 2014 года Папроцкі працаваў начальнікам Смалявіцкага райаддзела Следчага камітэта.

У звароце ўдзельнічае Дзмітрый Удовін, які пачынаў службу ў 1990-я ў Барысаве. Пасля 1998-га перайшоў у аддзел дазнання Жодзінскага ГАУС, а з 2004-га па 2012-ы ўзначальваў яго. Потым да пенсіі працаваў у Следчым камітэце. Пасля выхаду на пенсію працаваў на Смалявіцкім малаказаводзе і быў гарадскім дэпутатам у Жодзіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі