Стала вядома, што за літовец спрабаваў прыехаць у Беларусь па "пашпарце сябра"
Беларуска-літоўская мяжа
У Беларусі, верагодна, затрымалі літоўца, якога на радзіме шукаюць за стварэнне "злачыннай групоўкі ў сферы будаўнічага бізнесу і адмыванне грошай".
Беларускі ГПК паведаміў, што літоўскі грамадзянін пры праходжанні мяжы прад’явіў чужы пашпарт. Сітуацыю ён патлумачыў так: тэрыторыю Літвы па сваім дакуменце пакінуць не можа, таму "пазычыў пашпарт у сябра".
Журналісты Delfi высветлілі, што гаворка можа ісці пра неаднаразова судзімага ў Літве бізнесмена Ігнаса Ёмантаса, якому забаронены выезд з краіны. Паводле дадзеных пракуратуры, ён сапраўды парушыў меру ўтрымання і паехаў у Беларусь. Аднак пакуль беларуская сторона не інфармавала калег пра асобу затрыманага. Адвакат Ёмантаса Аляксандр Вішнеўскі заявіў Delfi, што яму нічога не вядома пра затрыманне кліента ў Беларусі.
У Літве Ёмантаса падазраюць у кіраўніцтве злачыннай групоўкай у сферы будаўнічага бізнесу. Мужчына называе сябе мільянерам. Мяркуецца, што групоўка стварыла схему, якая дазволіла ўхіляцца ад выплаты падаткаў у сферы рэновацыі старых будынкаў. У Літве вядзецца расследаванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса — махлярства, стварэнне злачыннай групоўкі, ілжывая інфармацыя пра даходы і прыбытак, падвойная бухгалтэрыя і адмыванне грошай.
У публічным прасторы Літвы Ёмантас з'явіўся ў 2016 годзе, ён называў сябе самым маладым мільянерам краіны. Ён вядомы і як парушальнік ПДР — літоўскія журналісты пісалі, што на яго рахунку было 100 штрафаў.
У Беларусі ў яго адносінах пачалі расследаванне за парушэнне правілаў перасячэння мяжы. За тое, што літоўскі грамадзянін выкарыстаў "пашпарт сябра", яму пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.