Лукашэнка прапаноўваў Украіне ўдарыць па Мазырскім НПЗ — Зяленскі
Уладзімір Зяленскі падчас інтэрв'ю
У першыя дні поўнамаштабнай расійскай агрэсіі Аляксандр Лукашэнка прасіў прабачэння за ракеты, выпушчаныя з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў у інтэрв'ю амерыканскаму журналісту Лексу Фрыдману.
Паводле Зяленскага, ён у першыя дні расійскага ўварвання размаўляў з Лукашэнкам па тэлефоне. Кіраўнік Беларусі запэўніваў яго, што не мае дачынення да запуску ракет па Украіне:
"Ён казаў, што "гэта не я, з маёй тэрыторыі пускаў ракеты Пуцін". Гэта яго словы, у мяне ёсць сведкі. Ён прасіў прабачэння, ён казаў: "Павер, Валодзя, гэта не я, я яму казаў, не трэба, гэта было без мяне".
Зяленскі заявіў, што ён назваў Лукашэнку такім жа забойцам, як і Пуцін. Той у адказ выказаўся, што, маўляў, "нельга ваяваць з рускімі". Таксама Лукашэнка, паводле Зяленскага, прапаноўваў своеасаблівую "кампенсацыю" — у выглядзе Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.
"Кажу яму: як ты дапусціў? Ён кажа: "Ну, добра, нанясі ўдар па НПЗ, ты ж ведаеш, як ён шмат для мяне значыць". Я яму кажу: "Ты пра што кажаш?" — падзяліўся падрабязнасцямі ўкраінскі прэзідэнт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.