Гродзенская і Брэсцкая вобласці часова адмянілі збор пры перасячэнні мяжы
Памежнік, ілюстрацыйнае фота
Гродзенскі і Брэсцкі аблвыканкамы з 1 студзеня 2025 года часова адмянілі мясцовы збор, які бралі з транспартных сродкаў пры перасячэнні беларускай мяжы.
У Гродзенскім аблвыканкаме паведамілі, што збор у пунктах пропуску плануецца зноў увесці на працягу І квартала. Пра яго аднаўленне будзе паведамлена дадаткова.
Брэсцкі аблвыканкам удакладніў тэрмін, падчас якога не будуць спаганяць збор: "З 1 да 31 студзеня 2025 года ў Берасцейскай вобласці часова спыняецца спагнанне мясцовага збору за перасячэнне мяжы". Парадак збору з 1 лютага будуць вызначаць дадаткова.
Мясцовы збор за перасячэнне мяжы транспартнымі сродкамі пры выездзе з краіны ўвялі ў 2021 годзе. У Дзяржаўным памежным камітэце яго ўвядзенне тлумачылі барацьбой з каранавірусам. І хаця пік інфекцыі даўно мінуў, збор працягвае дзейнічаць. Паколькі ён мясцовы, грошы ідуць у абласны, а не агульнадзяржаўны бюджэт
Такі збор дзейнічае ў трох абласцях — Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай. Плаціць яго трэба тым, хто едзе ў краіны Еўрасаюза. Пры выездзе ў Расію такі збор не прымяняецца. Памер збору вызначаюць абласныя саветы дэпутатаў, ён складае адну базавую велічыню (на сёння гэта 40 рублёў).
Чыноўнікі дазволілі аблсаветам з 2025 года зацвярджаць такі збор на пастаяннай аснове.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.