У ЗША з'явілася ініцыятыва па прызнанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў
Забарона на абмен пашпартоў у замежных прадстаўніцтвах РБ дзейнічае больш за год
У ЗША з'явілася ініцыятыва па прызнанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў. Праект закона пра гэта ўнесены ў Сенат.
Дакумент распрацаваны ў офісе сенатара Бенджаміна Кардына. Ён называецца Belarus and Russia Investments in Democratic Governance during Exile Act і прадугледжвае падтрымку для грамадзян РБ і РФ, якія вымушана з'ехалі са сваіх краін праз палітычны пераслед. На гэта звярнуў увагу тг-канал @motolkohelp.
Пратэрмінаваныя пашпарты, якія грамадзяне Беларусі не могуць замяніць у консульствах за мяжой, прапануецца зрабіць сапраўднымі для вандровак у Злучаныя Штаты. Таксама ў праекце ёсць заклік да Еўракамісіі выдаваць беларусам дакументы, прыдатныя для міжнародных паездак.
Што праўда, да прыняцця акта яшчэ шмат крокаў. Цяпер праект знаходзіцца ў Камітэце Сената па міжнародных адносінах. Той можа вынесці яго на пасяджэнне Сената. Калі верхняя палата Кангрэса зацвердзіць праект закона, тады пачнецца яго разгляд у Палаце прадстаўнікоў.
Забарона на абмен пашпартоў у замежных прадстаўніцтвах РБ была ўведзеная ў верасні 2023-га ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Мера была скіраваная супраць тых, хто пакінуў Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу. Сёлета прадстаўніца рэжыму Лукашэнкі арыгінальна патлумачыла, чаму пасольствы перасталі мяняць пашпарты беларусам за мяжой: "Звязана гэта ў тым ліку з такімі палітычнымі праблемамі, як увядзенне санкцый супраць Беларусі... Пашпарты і дакументы... праз санкцыі ЕС ды іншых заходніх краін проста немагчыма даставіць своечасова і ў тэрмін у нашы замежныя ўстановы за мяжой".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.