Беларус, які зладзіў дэбош у Тайландзе, папрасіў прабачэння ў паліцыянтаў

Беларускі турыст у паліцыі

Беларускі турыст у паліцыі / khaosodenglish.com

Беларус, які зладзіў дэбош у Тайландзе, папрасіў прабачэння ў паліцыянтаў. 7 студзеня 39-гадовы Сяргей прыйшоў у паліцэйскі ўчастак з адвакатам, і прынёс падарункі.

Як піша khaosodenglish.com, афіцэры паліцыі "ласкава прынялі гэты жэст" і нават зрабілі сумеснае фота з беларусам, а сама сустрэча прайшла "ў цёплай атмасферы".

Грамадзянін Беларусі праз адваката "выказаў раскаянне ў сваіх дзеяннях, патлумачыўшы, што падчас інцыдэнту ён быў у стане моцнага алкагольнага ап'янення і не мог кантраляваць сябе". Ён падкрэсліў, што "ніколі не меў намеру нанесці шкоду супрацоўнікам паліцыі".

Грамадзянін Беларусі заявіў, што калі суд прызначыць яму грамадскія працы, ён "гатовы падпарадкавацца". Сяргей сказаў, што яму спадабаўся Пхукет і ён паабяцаў абавязкова вярнуцца. І дадаў, што "падобныя паводзіны больш не паўторацца".

Здарэнне ў гасцініцы на турыстычным востраве Пхукет адбылося амаль месяц таму. Паліцыю выклікалі, каб супакоіць мужчыну, які скандаліў. Аднак ён аказаў супраціўленне, і паліцыянты пры дапамозе аховы гасцініцы з цяжкасцю змаглі яго затрымаць (відэа тады з'явілася ў інтэрнэце).

Беларусу выставілі абвінавачванне ў парушэнні грамадскага парадку і нападзе на супрацоўнікаў паліцыі. Хулігану пагражае штраф і (ці) зняволенне. Яго сям'я (жонка і трое дзяцей) яшчэ ў сярэдзіне снежня вярнулася на радзіму.

Пазней стала вядома, што дэбош у Тайландзе зладзіў Сяргей Асійчук з Брэста, топ-менеджар кампаніі "ЕўраЭкспарт".

Беларус, які зладзіў дэбош у Тайландзе, папрасіў прабачэння ў паліцыянтаў
Беларус, які зладзіў дэбош у Тайландзе, папрасіў прабачэння ў паліцыянтаў

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі