Прарасійская актывістка Вольга Бондарава знаходзіцца пад арыштам

Вольга Бондарава

Вольга Бондарава

Прарасійская актывістка Вольга Бондарава знаходзіцца пад адміністрацыйным арыштам. У прыватнасці, пра гэта пішуць яе прыхільнікі, паведамляе "Наша ніва". Тэлеграм-канал Бондаравай не абнаўляецца з серады. 

Пазней "Зеркалу" пацвердзілі ў судзе, што Вольга Бондарава арыштаваная на 13 сутак. За што яе пакаралі, пакуль невядома.

Бондарава ў апошнія гады стала вядомая ў нашай краіне не толькі як прыхільніца "традыцыйных каштоўнасцяў", прапагандыстка "рускага свету", але і як "барацьбітка" з беларускай мовай і культурай. Пасля яе даносаў адмянялі фэсты, канцэрты, лекцыі. Яна не баялася канфліктаваць з чыноўнікамі. Сёлета Вольга Бондарава атакавала нават Ганну Лукашэнку, нявестку Аляксандра Лукашэнкі.

А reform.news адзначае, што апошнім часам выдаленыя невялікія, але заўважныя тг-каналы прапагандыстаў (напрыклад, "Графач"), якія "стваралі бачнасць унутранай дыскусіі прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі". Яны крытыкавалі прарасійскіх актывістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.