Гамяльчук падрываў петарды каля газаправода і стрыміў гэта ў інтэрнэт

Петарда, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
15 сутак адміністрацыйнага арышту прызначыў суд жыхару Гомеля. Хлопец падрываў піратэхніку каля газаправода і чыгункі, паралельна транслюючы гэта ў інтэрнэт.
У матэрыялах справы, як выявіла "Зеркало", сцвярджаецца, што малады чалавек запускаў петарды ў Гомелі каля гаражнага кааператыва і чыгуначнага палатна. На судзе хлопец патлумачыў, што абраў гэтае месца, бо палічыў яго дастаткова адасобленым. Трансляцыя ў інтэрнэце, паводле яго словаў, прызначалася толькі аднаму чалавеку.
Але відэа з выбухамі пабачылі і сілавікі. Неўзабаве пасля стрыму гамельчука затрымалі, а пры ім знайшлі піратэхнічныя вырабы.
Малады чалавек прызнаў сваю віну. У сваё апраўданне ён сказаў, што выбухі ладзіў на адлегласці пяці-шасці метраў ад газаправода. Суд улічыў гэты факт, а таксама чыстасардэчнае раскаянне. Аднак гамельчука ўсё адно прызналі вінаватым у дробным хуліганстве і адправілі пад адміністрацыйны арышт.
Дарэчы, продаж піратэхнікі ў Беларусі забаронены з 4 студзеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.