У Смалявічах судзілі мужчыну, які за 25 рублёў забіў сабаку

Выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі ў Беларусі нярэдкія

Выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі ў Беларусі нярэдкія / pixabay.com

У Смалявічах судзілі мужчыну, які за 25 рублёў забіў сабаку. За "жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое прывяло да яе гібелі з карыслівых меркаванняў" мужчына правядзе два месяцы пад арыштам.

Крымінальную справу разглядаў суд Смалявіцкага раёна. З яе матэрыялаў вынікае, што ў канцы снежня мінулага года суседка папрасіла мужчыну за грашовае ўзнагароджанне забіць сабаку. Ён пагадзіўся. Спачатку зламыснік спрабаваў задушыць жывёлу, павесіў яе на плот, нанёс не менш за два ўдары абухом сякеры па галаве і спіне. Сабака вырваўся і ўцёк "на тэрыторыю гаражнага масіва". Мужчына яго там знайшоў і нанёс яшчэ тры ўдары нагой па спіне. Затым ён прывязаў жывёлу да плота, абматаўшы вяроўку вакол ствала дрэва, і пакінуў паміраць. Сабака памёр праз два дні ад атрыманых траўмаў і пераахаладжэння.

У судзе забойца сабакі сваю віну цалкам прызнаў. 

Выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі ў Беларусі нярэдкія. Летась у Салігорску жанчына выкінула сабаку з акна 9-га паверха, ён загінуў. Ёй прызначылі пакаранне ў выглядзе папраўчых работ на 1 год з утрыманнем у даход дзяржавы 20% заробку. У Бабруйску на тры месяцы арыштавалі мужчыну, які выкінуў сабаку з сёмага паверха. Сёлета тры месяцы арышту атрымала жыхарка Гомеля, якая выкінула сабаку з 5-га паверха.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.