У Мінску будуць судзіць мужчыну, які ледзь не забіў уласную жонку

Спыніце гвалт

Спыніце гвалт / freepik.com

У суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да 34-гадовага мінчаніна, якога абвінавачваюць у катаванні і пагрозе забойствам, а таксама ў прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў сваёй жонцы.

Як паведамляюць у пракуратуры Фрунзенскага раёна, з верасня па снежань 2024 года мужчына катаваў жонку, усяляк пагражаючы ёй пры гэтым. Ён збіваў пацярпелую рукамі і нагамі, металічнай вешалкай, шкляной бутэлькай з-пад гарэлкі. А аднойчы зламыснік састрыг ахвяры жмут валасоў, пасля чаго замахнуўся нажніцамі ў яе бок. Перапалоханая жанчына паспела прыкрыць галаву, таму ўдар лёзамі прыйшоўся ёй у руку.

Пацярпелая баялася далейшай расправы з боку мужа, таму не звярталася ў міліцыю. У медыцынскіх установах, куды трапляла з цялеснымі пашкоджаннямі, яна прыдумляла розныя версіі атрымання ёю траўмаў — ці то па ўласнай неасцярожнасці парэзала руку аб кансервавы слоік, ці то ўпала з электрасамакату.

У снежні 2024 года муж у чарговы раз збіў яе. Мінчанка выбегла з кватэры на вуліцу, дзе сустрэла супрацоўнікаў міліцыі, якім паскардзілася на мужа.

Мужчыну прад'яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 186 КК ("Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці") і ч. 1 арт. 154 КК ("Пакута"). Віну грамадзянін прызнаў часткова, ён знаходзіцца пад вартай.

Закона аб хатнім гвалце ў Беларусі да гэтага часу няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.