Палітвязню Пачобуту ў калоніі на паўгода працягнулі рэжым ПКТ

Анджэй Пачобут / sb.by
Палітвязню Анджэю Пачобуту ў наваполацкай калоніі № 1 на паўгода працягнулі рэжым ПКТ (памяшкання камернага тыпу, у якім больш строгі рэжым утрымання). У выніку ён яшчэ паўгода не зможа выходзіць на свежае паветра і працаваць, пішуць праваабаронцы. Высвятляецца, што Пачобут "ведае пра акцыі салідарнасці, якія праходзяць кожны месяц, і ўдзячны за іх".
Анджэй Пачобут — адзін з лідараў незалежнага Саюза палякаў Беларусі. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года. За публікацыю пра падзеі верасня 1939-га журналіста абвінавацілі ў "распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце" — так улады ацанілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра задушэнне беларускіх пратэстаў у 2020-м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. У лютым 2023-га ў Гродне Пачобута асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Палітвязню прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.
Польскі бок неаднаразова называў вызваленне Анджэя Пачобута адной з галоўных умоваў для адкрыцця памежных пераходаў паміж Польшчай і Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.