У Сынковіцкай царкве рыхтуецца "патрыятычнае" свята з мітынгам

Аргкамітэт узначаліў старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі (справа) / zelwa.by
У Сынковіцкай праваслаўнай царкве (Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці) рыхтуецца "патрыятычнае" свята. Мясцовыя ўлады вырашылі адзначыць 35-годдзе аднаўлення службы ў храме фестывалем. Аргкамітэт узначаліў старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі. Паводле яго слоў, "свята павінна быць маштабным, рознабаковым, пазнавальным і цікавым".
Фестываль пройдзе 31 траўня. Па словах настаяцеля царквы протаіерэя Арсенія Ананкі, прыедзе архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній. Пачнецца ўсё з мітынгу каля алеі памяці ахвярам генацыду. Альшэўскі прыгадаў, што і "80-годдзе Вялікай Перамогі" трэба згадаць. Было вырашана, што праграма святкавання "будзе ўключаць у сябе некалькі блокаў: духоўны, патрыятычны і эстрадны". Чакаецца прыезд дэлегацыі з Расіі.
Афіцыйна лічыцца, што Сынковіцкая царква — помнік архітэктуры XVI стагоддзя. Аднак Праваслаўная Царква прытрымліваецца легендарнай версіі яе заснавання (з удзелам князя Вітаўта Вялікага), і ў 2007-м адзначала 600-годдзе. А згаданы айцец Ананка неяк заяўляў, што храму "каля 800 гадоў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.