Сырскі — пра сітуацыю ў Курскай вобласці: будзем трымаць абарону

На фронце ва Украіне / facebook.com/GeneralStaff.ua
Увечары 12 сакавіка галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі пракаментаваў сітуацыю ў Курскай вобласці, дзе расійскія войскі працягваюць наступ і ўжо ўвайшлі ў раённы цэнтр Суджа. Па словах Сырскага, актыўныя баі працягваюцца і ў прыгарадах Суджы, і ў раёнах вакол яе.
"Праціўнік прымяняе штурмавыя падраздзяленні паветрана-дэсантных войскаў і сіл спецыяльных аперацый з мэтай прарыву нашай абароны, выцяснення нашых войскаў з тэрыторыі Курскай вобласці РФ і пераносу баявых дзеянняў на тэрыторыю Сумскай і Харкаўскай абласцей, — працягвае галоўнакамандуючы УСУ. — Спрабуючы любым коштам дасягнуць палітычных мэтаў, вораг ужо панёс і працягвае несці на Куршчыне значныя страты... Расійская авіяцыя здзейсніла беспрэцэдэнтную колькасць удараў па тэрыторыі ўласнай вобласці. У прыватнасці, у выніку авіяўдараў па горадзе Суджа, гэты населены пункт амаль цалкам разбураны".
Аляксандр Сырскі не пацвярджае, што ўкраінскія войскі выводзяцца з Курскай вобласці. Ён піша, што "нягледзячы на ўзмоцнены ціск расійска-паўночнакарэйскай арміі, будзем трымаць абарону на Куршчыне столькі, колькі гэта будзе мэтазгодна і неабходна". Аднак украінскія падраздзяленні "ў выпадку неабходнасці, ажыццяўляюць манеўр на больш выгадныя рубяжы", паколькі "прыярытэтам было і застаецца захаванне жыцця ўкраінскіх воінаў".
У сераду расійская прапаганда паведаміла, што пункт кіравання Курскай групоўкі наведаў Уладзімір Пуцін. Ён быў у камуфляжы. Паставіў задачу "цалкам вызваліць рэгіён" і падумаць над стварэннем "зоны бяспекі ўздоўж мяжы РФ".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.