Ваенныя зборы ў Беларусі: што робяць рэзервісты і па якім прынцыпе іх адбіраюць

Чым займаюцца рэзервісты на ваенных зборах
Беларусаў прызываюць на ваенныя зборы, якія могуць доўжыцца да 60 дзён. Паводле афіцыйнай версіі, ваенныя задумалі "праверку боегатоўнасці".
А як на самой справе?
Еўрарадыё пагутарыла з адным з прызыўнікоў пра тое, чаму рэзервістаў вучаць на зборах (ці не вучаць). А яшчэ даведалася ў ваенкаматах, па якім прынцыпе людзей адбіраюць на зборы і ці можна адправіцца туды па ўласным жаданні.
"Першыя дні тры мы літаральна нічога не рабілі"
Аляксею (імя зменена) 32 гады, 10 гадоў таму ён адслужыў у войску і амаль не ўспамінаў пра яе існаванне. Пакуль на працу не прыйшла павестка з'явіцца ў ваенкамат.
— На працу прыйшоў ліст, што заўтра трэба з'явіцца ў ваенкамат а 8-й раніцы. У мяне сям'я, дзеці, праца... А тут мне трэба ехаць да сябе ў Віцебскую вобласць, ды яшчэ і ў такую рань. Нейкі з намеснікаў ваенкама сказаў, што заўтра адправяць у частку, а што будзе там — загадка.
У частцы Аляксею выдалі старую паношаную форму і аўтамат. Пра тое, навошта іх выклікалі і як хутка іх адпусцяць дадому, не расказалі.
— Першыя дні тры мы літаральна нічога не рабілі. Тупа ляжалі на ложках і хадзілі есці. Дарэчы, тэлефоны ў нас не забіралі. Ды і наогул, як такога шмона [вобыску — Еўрарадыё] не было.
— Калі ў вас ёсць жаданне і вы падыходзіце якой-небудзь вайсковай часці, то можна. Там жа розныя зборы ёсць: ёсць па пэўнай спецыяльнасці, а ёсць па падрыхтоўцы новых. Вам выдадуць павестачку або пазначаць, а потым ператэлефануюць.
— А гэта можна вось хоць заўтра зрабіць?
— Наўрад ці, што хоць заўтра. Але шанец ёсць. Прыходзьце, паглядзім.
Зборы дапамогуць пазбавіцца ад статусу "дармаеда"
У горацкім ваенкамаце таксама паведамляюць, што прыйсці і запісацца самому на зборы — можна, але трэба пачакаць мінімум два тыдні.
— Прыносьце ваенны білет, пашпарт. Будзем глядзець, у нас зборы даволі часта праходзяць, можа, кудысьці і накіруем.
Паралельна ўдакладняем у вайскоўца з ваенкамата, як быць, калі чалавек знаходзіцца ў статусе "дармаеда". Ці захаваецца ён на час збораў?
— На час збораў ваш статус дармаеда прыпыніцца. У нас сярэдні час збораў 25 дзён, беспрацоўным будзе выплачвацца не сярэдні заробак (столькі плацяць тым, хто працуе), а 15 базавых велічынь плюс аклад па вайсковай пасадзе, на якой вы будзеце праходзіць зборы.
Пасля завяршэння збораў гэты статус да вас вернецца. Тое самае, як вы на працы пабылі, а потым звольніліся.
Што за ваенныя зборы?
У пачатку лютага ў Мінабароны Беларусі абвясцілі аб пачатку праверкі боегатоўнасці.
У часе праверкі ваеннае ведамства павінна праверыць гатоўнасць часцей выконваць розныя задачы, у тым ліку на незнаёмай мясцовасці.
Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін расказаў, што правядзенне праверкі апраўданае "сітуацыяй", таму трэба "трымаць руку на пульсе".
Паводле яго, мерапрыемства носіць планавы характар.
Начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба Аляксандр Шальпук заявіў, што ў 2024 годзе на зборы былі прызваныя каля 15 000 чалавек.
Колькі рэзервістаў выклічуць у 2025 годзе, невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.