Суд у Балгарыі падтрымаў беларуса, якому адмовілі ў прытулку

Сцяг Балгарыі, ілюстрацыйнае фота

Сцяг Балгарыі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Чыноўнікі Балгарыі адмовілі ў статусе ўцекача беларусу, які пакінуў радзіму пасля пратэстаў. Але суд стаў на яго бок і прызначыў перагляд справы, перадае Радыё "Свабода".

Беларус Антон (імя змененае дзеля бяспекі, як удакладняе "Свабода") працаваў на радзіме інжынерам, жыў з жонкай і дзецьмі ў Мінску. Жонка працавала ў IT-галіне. Падчас выбарчай кампаніі, як кажа мужчына, ён запісаўся ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі.

"Актыўна збіраў подпісы ў падтрымку Бабарыкі, хадзіў на пратэсты, трапляў на відэа, бо даваў інтэрв'ю СМІ. Гэта прыклаў і да справы, калі падаваўся ў Балгарыі на прытулак. Жонку затрымлівалі на адным з маршаў, пазней прызначылі штраф", — згадвае мужчына.

У 2022-м сям’я пераехала ў Грузію, а адтуль — у Балгарыю. Там Антон у 2024 годзе папрасіў прытулку. Аднак Агенцтва па справах уцекачоў палічыла, што прашэнне неабгрунтаванае. "Прычыны, на падставе якіх замежны грамадзянін звяртаецца з прашэннем, не пацвярджаюць абгрунтаваных страхаў пераследу ці рэальнай небяспекі прычынення сур’ёзнай шкоды", — гаварылася ў адмове.

Балгарскія чыноўнікі спасылаліся на тое, што беларус пакінуў краіну легальна і бесперашкодна, а таксама спасылалася на заключэнне міжнародных структур пра сітуацыю ў Беларусі за 2014 год. Таксама Агенцтва прыйшло да высновы, што "адзінай прычынай, з якой заяўнік звярнуўся па абарону ў Балгарыі, была зробленая яго жонцы прапанова аб працы ў Балгарыі".

Беларус абскардзіў рашэнне ў Адміністрацыйным судзе Сафіі. 16 снежня з суда прыйшоў адказ. Гэтым разам Агенцтва ў сваёй даведцы для суда дало новыя звесткі па Беларусі, згадаўшы пра масавыя жорсткія рэпрэсіі і гуманітарныя крызісы ў краіне. Таму суд пастанавіў адмяніць ранейшае рашэнне Агенцтва па справах уцекачоў і абавязаў прыняць новае.

Антон задаволены прынятым рашэннем. Аднак Агенцтва па справах уцекачоў яшчэ можа абскардзіць рашэнне Адміністрацыйнага суда — у Вярхоўным судзе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі