Топ-10 вартых фільмаў за ўсю гісторыю беларускага кіно па версіі Еўрарадыё
Спіс да векавога юбілея беларускага кіно
Сёння спаўняецца сто гадоў беларускаму кіно — юбілей, які адлічваецца з моманту стварэння бальшавікамі ў 1924 годзе дзяржведамства “Белдзяржкіно” у Мінску.
Незалежная кінасупольнасць адсвяткавала падзею, сабраўшы спіс з 50 лепшых фільмаў за ўсю гісторыю беларускага кіно. У яго стварэнні прынялі ўдзел 49 кінематаграфістаў і медыйшчыкаў з розных краін, у тым ліку супрацоўнік нашай рэдакцыі — журналіст і кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі.
Еўрарадыё публікуе асабісты спіс Тарналіцкага лепшых беларускіх фільмаў з невялічкімі каментарамі і спасылкамі на прагляд.
“Экскаватар – пякельная машына за Брэсцкім вакзалам”
Рэж. Рыхард Штрэмер, 1908 год
Адзін з першых знятых на тэрыторыі сучаснай Беларусі фільмаў. На жаль, на гэты момант ён лічыцца страчаным, і айчынным даследчыкам і кіназнаўцам неабходна будзе папрацаваць у архівах Літвы, Польшчы і Расіі, каб адшукаць не толькі яго, але і іншыя дарэвалюцыйныя фільмы, ці хаця б звесткі аб іх.
“Лясная быль”
Рэж. Юрый Тарыч, 1926 год
Першы фільм з савецкага перыяду беларускага кіно, які заклаў фундамент медыйнага міфа пра беларусаў як “партызанскую” нацыю.
“Палескія рабінзоны”
Рэж. Леанід Малчанаў і Ёсіф Бахар, 1934 год
Прыклад захапляльнага ўвасаблення дзіцячага кіно на грунце беларускай літаратуры ў сталінскую эпоху.
“Усходні калідор”
Рэж. Валянцін Вінаградаў, 1967 год
Адзін з фільмаў-брыльянтаў паэтычнага кіно часоў “адлігі”, які расказвае пра катастрофу вайны і Халакосту экспрэсіўнай кінамовай.
“Дзікае паляванне караля Стаха”
Рэж. Валерый Рубінчык, 1980 год
Захапляльная і вельмі атмасферная экранізацыя знакамітай аповесці Уладзіміра Караткевіча, якая не баіцца быць адрознай ад першакрыніцы.
“У вайны не жаночы твар”
Рэж. Віктар Дашук, 1981–1984 гады
Адно з найлепшых увасабленняў дакументальнай прозы нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч — пра вайну і лёсы жанчын, якія яе перажылі.
“Наш браняпоезд”
Рэж. Міхаіл Пташук, 1989 год
Эмацыйна насычаны тэлефільм Міхаіла Пташука аб пераасэнсаванні сталінскага мінулага, які бясконца актуальны і зараз, у іншую эпоху лукашысцкіх рэпрэсій.
“Чароўная жалейка”
Рэж. Міхаіл Тумеля, 1998 год
Шэдэўр лялечнай анімацыі, створаны ў складаны, але натхняльны перыяд 1990-х гадоў.
“Акупацыя. Містэрыі”
Рэж. Андрэй Кудзіненка, 2004 год
Заліхвацкі прыклад перафармулявання міфу аб Беларусі як краіны з партызанскім светапоглядам і “партызанскім” кіно і гераічнага савецкага ваеннага кіно.
“Радзіма”
Рэж. Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч, 2023 год
Шматслойны, складаны, балючы і адначасовы шчыры аповед аб прынцыпах існавання сучаснай Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.