МЗС Эстоніі не будзе прызнаваць выбары ў Беларусі
Эстонія, ілюстрацыйнае фота
Эстонія не будзе прызнаваць ні "выбары" ў Беларусі, прызначаныя на 26 студзеня 2025 года, ні іх вынікі. Гэта вынікае з камэнтара для ERR News генсакратара Міністэрства замежных спраў Эстоніі Ёнатана Усевіёва, адзначае "Позірк".
"Мы не лічым, што ў студзені ў Беларусі пройдуць выбары. Калі рэжым абвесціць, што выбары адбыліся, то мы, відавочна, дапаможам іншым убачыць, што гэта фарс", — заяўляе дыпламат.
Ён дадае, што беларускі народ, на жаль, жыве ва ўмовах дыктатуры.
Дарэчы, аналагічным чынам міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна выказаўся яшчэ 19 лістапада: "Прэзідэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў студзені 2025 года, арганізаваныя ў атмасферы тэрору і не могуць адпавядаць дэмакратычным нормам".
Ён заклікаў заходнія краіны ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. На думку Цахкны, такім чынам Лукашэнку дадаць зразумець, "што прадаваць Расіі сваю краіну і народ недапушчальна".
Прэзідэнцкая кампанія праходзіць ва ўмовах жорсткіх палітычных рэпрэсій і пад поўным кантролем уладаў. Кандыдаты-спойлеры адкрыта абвяшчаюць, што іх галоўная задача — падтрымаць Лукашэнку. Асноўны дзень галасавання прызначаны на 26 студзеня 2025 года. Беларускія дэмакратычныя сілы назвалі гэтае мерапрыемства "бязвыбарамі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.