Перад выбарамі ў Беларусі збяруць "ветэранаў" спецпадраздзяленняў МУС
Збор у Мінску ў верасні 2024-га
Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, якія прызначаныя на 26 студзеня 2025-га, збяруць "ветэранаў" спецпадраздзяленняў МУС. Для іх запланавалі чарговыя зборы. Яны пачнуцца 21 студзеня, піша тг-канал "Беларускі Гаюн".
Пра тое, што МУС РБ будзе рыхтаваць "баявыя каманды" з "ветэранаў" спецназа, было аб'яўлена восенню 2022-га. Прапаганда называе "ветэранаў" спецпадраздзяленняў "добраахвотнікамі". Сёлета для іх неаднаразова арганізоўвалі зборы на базе часцей унутраных войскаў (іх трэніравалі і былыя "вагнераўцы"). Сярод іншага адпрацоўвалі "зладжанасць дзеянняў пры спыненні масавых беспарадкаў". "Ветэранаў" спецназа рыхтуюць таксама да барацьбы з "дыверсантамі" і "незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі". Іх знаёмяць з новымі відамі ўзбраенняў, з беспілотнікамі.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, у сістэме МУС створана 22 падраздзяленні з "ветэранаў". Сцвярджаецца, што іх могуць мабілізаваць на працягу некалькіх гадзін.
Мяркуецца, што былыя сілавікі спатрэбіліся іх дзейным калегам у якасці "рэзерву" на час правядзення выбараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.