Пасля атакі дронаў на Растоўскую вобласць загарэўся Навашахцінскі НПЗ
Пажар на Навашахцінскім НПЗ
У ноч на 19 снежня дроны атакавалі Растоўскую вобласць Расіі. У выніку там загарэўся Навашахцінскі НПЗ. Гэта найбуйнейшы нафтапераапрацоўчы завод у паўднёвай частцы Расіі.
Пра пажар на заводзе напісаў часовы выканаўца абавязкаў губернатара вобласці Юрый Слюсар. Ён заявіў, што па стане на 6:45 пажар удалося ліквідаваць. Таксама кіраўнік вобласці паведаміў пра аднаго параненага, які пацярпеў ад падзення абломкаў дрона.
У сацсетках тым часам пішуць, што дроны пацэлілі ва ўстаноўку, якая адказвае за першасную перапрацоўку нафты, заўважыла hromadske.ua.
Акрамя Растоўскай вобласці дроны ўначы атакавалі Белгарадскую ды іншыя рэгіёны Расіі. Мінабароны РФ заяўляе, што за ноч збіла 84 беспілотнікі ў розных рэгіёнах, у прыватнасці над Растоўскай — 36 дронаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.