ЕС заклікае рэжым Лукашэнкі вызваліць арыштаванага супрацоўніка дэлегацыі ЕС

Турма, ілюстрацыйнае фота

Турма, ілюстрацыйнае фота / sb.by

Еўрапейская служба знешніх сувязяў (EEAS) патрабуе ад афіцыйнага Мінска вызваліць свайго супрацоўніка, арыштаванага ў Беларусі. Гаворка ідзе пра Мікалая Хіло — прапаведніка евангелісцкай царквы "Дабравесце", арыштаванага сёлета ў красавіку. Ён з'яўляецца мясцовым супрацоўнікам дэлегацыі ЕС у Беларусі.

"Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго. Мы ўздымалі гэтае пытанне падчас усіх кантактаў з Беларуссю", — перадае выданне POLITICO словы Аніты Хіпер, прадстаўніцы ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі.

Да рашучых дзеянняў заклікае Пятрас Аўштравічус, літоўскі дэпутат Еўрапарламента ад цэнтрысцкай групы Renew. "ЕС павінен весці перамовы з Минскам і адправіць выразны сігнал. Бо калі Хіло будзе асуджаны, гэта прывядзе да рэальных дыпламатычных наступстваў", — падкрэслівае палітык. Паводле яго, можа дайсці да высылкі беларускіх дыпламатаў ды іншых мераў.

Раней не паведамлялася, што Хіло з'яўляецца супрацоўнікам дыпламатычнай місіі ЕС.

Цяпер яго трымаюць у СІЗА №1. Мікалая Хіло вінавацяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый). Разгляд яго справы прызначаны на 23 снежня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс будзе весці суддзя Алена Ананіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі