Амбасада Японіі пацвердзіла затрыманне другога японца ў Беларусі
Японія, ілюстрацыйнае фота
Японія афіцыйна пацвердзіла затрыманне ўжо другога свайго грамадзяніна ў Беларусі. 17 снежня пра гэта заявіла амбасада Японіі ў нашай краіне, заўважыў сайт reform.news.
Як расказвала Еўрарадыё, грамадзяніна Японіі затрымалі 1 снежня ў Калінкавічах на Гомельшчыне. Нагодай стала тое, што ён фатаграфаваў аўтадарожны мост над чыгуначнымі шляхамі.
Амбасада Японіі звярнулася ў беларускае МЗС па пацвярджэнне інфармацыі. І 16 снежня беларускае знешнепалітычнае ведамства пацвердзіла японскім дыпламатам гэтыя звесткі. Імя затрыманага японца не паведамляецца.
У верасні рэжым Лукашэнкі паведаміў пра затрыманне грамадзяніна Японіі Наканісі Масатосі, які выкладаў у гомельскім універсітэце. Яго абвінавацілі ў "агентурнай дзейнасці".
4 снежня японская амбасада папярэдзіла сваіх грамадзян наконт фота- і відэаздымкаў у Беларусі. Дыпламаты просяць не здымаць урадавыя будынкі, вайсковыя аб'екты, чыгунку (у тым ліку станцыі, цягнікі і шляхі), аэрапорты, самалёты, амбасады, суды, грамадскія будынкі (напрыклад, музеі і бібліятэкі), забаўляльныя ўстановы (у тым ліку канцэртныя пляцоўкі, клубы і казіно), а таксама не рабіць здымкі каля межаў. І ўвогуле дыпламаты рэкамендуюць японцам не здымаць на вуліцах, бо "не заўсёды ясна, якія менавіта ўстановы трапляюць у катэгорыю дзяржаўных устаноў і спецыяльных дзяржаўных устаноў". Таксама японцам раяць не наведваць палітычныя мітынгі, у тым ліку для здымкаў.
12 снежня ў МЗС Японіі надалі Беларусі трэці (аранжавы) узровень небяспекі, а тэрыторыі на мяжы з Украінай — чацвёрты (чырвоны). Трэці ўзровень азначае рэкамендацыю не наведваць тэрыторыю, чацвёрты — эвакуявацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.