Беларусь драматычна страчвае працоўныя кадры — "Кіберпартызаны" даюць статыстыку

Працаздольныя беларусы з'язджаюць з краіны і перастаюць плаціць падаткі рэжыму Лукашэнкі

Працаздольныя беларусы з'язджаюць з краіны і перастаюць плаціць падаткі рэжыму Лукашэнкі / @rubanau_collage

"Кіберпартызаны" атрымалі доступ да ўнутранай інфармацыі розных дзяржаўных ведамстваў, якая ўключае звесткі аб працоўнай занятасці за апошнія некалькі гадоў. Ёю чыноўнікі абменьваюцца паміж сабой выключна ў электронных табліцах, але публічна яна не выстаўляецца.

Актывісты заўважаюць значнае скарачэнне колькасці працоўнага насельніцтва ў Беларусі ў перыяд з 2020 па 2025 год. Статыстыка ўлічвае два паказчыкі: агульную колькасць заключаных працоўных дагавораў і ўнікальную колькасць занятых грамадзян. 

Пры гэтым адзін чалавек можа быць улічаны некалькі разоў, калі за гэты перыяд мяняў месца працы. Мяркуючы па атрыманых дакументах, такіх выпадкаў нямала.

Количество работников в 2021 и 2002 годах по трудовым и гражданско-трудовым договорам в Республике Беларусь (Беларуси)
Прыкладна за год колькасць работнікаў скарацілася на 400 тысяч чалавек / Інфаграфіка "Кіберпартызанаў"

Напрыклад, табліцы за 2021-2022 гады паказваюць агульную колькасць заключаных і скасаваных кантрактаў ва ўсіх абласцях краіны. Тут адзін чалавек можа фігураваць некалькі разоў, калі працаваў у розных рэгіёнах. У іншым дакуменце прыводзяцца звесткі аб унікальнай колькасці работнікаў, дзе кожны ўлічваецца толькі адзін раз, незалежна ад змены месца працы.

"Кіберпартызаны" таксама ўдакладняюць, што ў афіцыйную статыстыку трапляюць не толькі беларусы, але і замежныя грамадзяне, якія працуюць у краіне (на пачатак 2024 года іх было 29 242 тысячы чалавек), а таксама людзі, якія знаходзяцца ў дэкрэтных адпачынках (154 409 чалавек за той самы перыяд).

Сярод іншых дадзеных — статыстыка па індывідуальных прадпрымальніках. З 2019 года сваю дзейнасць прыпыніла больш за 120 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), што складае каля 35% ад іх агульнай колькасці.

Сведения о количестве ИП и физических лиц, состоящих на учете в ФСЗН с 2019 по 2023 годы
Скарачэнне колькасці прадпрымальнікаў у Беларусі / Інфаграфіка "Кіберпартызанаў"

Агульныя тэндэнцыі, пацверджаныя ў дакументах, сведчаць, што колькасць працоўнага насельніцтва працягвае скарачацца. Толькі за 2021-2023 гады каля 400 тысяч чалавек перасталі працаваць у Беларусі.

Гэтыя лічбы агаляюць рэальнасць, якую ўлада спрабуе схаваць за прапагандысцкімі заявамі аб так званай "стабільнасці". Масавыя рэпрэсіі, страх і напружанне прымушаюць беларусаў пакідаць краіну або сыходзіць з афіцыйнага сектара эканомікі, каб не "карміць" рэжым.

Количество адвокатов и нотариусов, состоящих на учете в органах ФСЗН с 2019 по 2023 годы
Колькасць адвакатаў і натарыусаў у Беларусі скарацілася на тысячу чалавек за чатыры гады (з 2019 па 2023) / Інфаграфіка "Кіберпартызанаў"

Асабліва гэта заўважна па аб'ёме ўцечкі высокакваліфікаваных кадраў, якія імкнуцца жыць і працаваць у дэмакратычных краінах.

"Кіберпартызаны" абяцаюць працягнуць публікацыі, якія раскрываюць рэальныя паказчыкі ў IT-сектары, медыцыне, вытворчасці, а таксама звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Гэтыя матэрыялы стануць яшчэ адным сведчаннем сістэмнага крызісу ў краіне, які ўлада імкнецца прыхаваць любой цаной.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі