25-метровы тунэль кантрабандыстаў знайшлі на беларуска-літоўскай мяжы

Выяўлены тунэль і яго месцазнаходжанне / калаж LRT.lt
Супрацоўнікі літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы (VSAT) знайшлі 25-метровы падземны тунэль каля мяжы з Беларуссю.
Мяркуецца, што карысталіся ім канстрабандысты для дастаўкі тавараў. Тунэль выявілі каля вёскі Пашальчай, піша LRT.
Знаходку тунэля пацвердзіў журналістам дарадца Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс, але не раскрыў яго дакладнае месцазнаходжанне і абставіны выяўлення.
"Паколькі пачата дасудовае расследаванне, усе дэталі мы ўзгадняем з пракуратурай. Аднак бліжэйшым часам будзе апублікавана афіцыйная заява з поўнай інфармацыяй", — дадаў ён.
Пасля таго, як Літва паставіла на мяжы з Беларуссю ахоўны плот з калючым дротам, кантрабандыстам стала цяжэй займацца сваёй дзейнасцю. Аднак яны працягваюць шукаць новыя спосабы. У тым ліку кантрабандысты выкарыстоўваюць GPS-датчыкі, зашыфраваныя каналы сувязі і нават паветраныя шары.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.