3 тысячы дзяцей з Паўднёвай Асеціі прыедуць у Беларусь у канцы жніўня

Дзеці з Паўднёвай Асеціі прыбудуць на аздараўленне ў Беларусь у канцы жніўня. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення гуманітарнай дзейнасці дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Рыжанкоў.
Паводле яго слоў, у Беларусь прыедзе больш дзяцей, чым планавалася раней, — прыкладна 3 тысячы. Праўда, яшчэ не вызначана месца, дзе іх размесцяць. Нагадаем, прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі заявіў аб гатоўнасці краіны прыняць на аздараўленне асецінскіх дзяцей 14 жніўня на сустрэчы са старшынёй урада Расіі Уладзімірам Пуціным.

У той жа час беларускі Чырвоны Крыж пачаў збор неабходных рэчаў для дзяцей: новых школьна-пісьмовых прыладаў, сродкаў уласнай гігіены, а таксама дзіцячага адзення і абутку — новага або таго, што было ва ўжыванні, але ў ідэальным стане, паведамляе БелаПАН.

Ахвотным таксама прапануецца пералічваць грашовыя сродкі на разліковы рахунак БТЧК. Нумар рахунка: 3015200990017 ф-л "Мінская гарадская дырэкцыя" ААТ "БелІнвестбанк", код 764 з пазнакай "для дзяцей Паўднёвай Асеціі".

10 млн. рублёў у якасці бязвыплатнай дапамогі дзецям, якія прыедуць на аздараўленне, будзе выдзелена з рэзервовага фонду БТЧК.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі