31 траўня ў Мінску пачнуць судзіць удаву Андрэя Зельцэра
31 траўня ў Мінску пачнуць судзіць удаву Андрэя Зельцэра Марыю Успенскую. Як паведамляюць праваабаронцы, крымінальную справу будуць разглядаць у Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме (суддзя — Валянціна Зянькевіч).
Меркавалася, што Успенскую абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка (пазыўны — "Нірвана"). БЕЛТА піша, што цяпер яна праходзіць як асоба, якая "ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне". А суд разгледзіць пытанне "аб прымяненні прымусовых мер бяспекі і лячэння".
Перастрэлка ў кватэры Зельцэра адбылася 28 верасня 2021 года. Група сілавікоў выламалі дзверы і ўварваліся туды. Айцішнік меў паляўнічую стрэльбу, адбылася перастрэлка. 31-гадовы Андрэй Зельцэр загінуў. Версіі таго здарэння ў дзяржаўнай прапаганды спачатку былі супярэчлівыя.
У Марыі Успенскай ёсць непоўнагадовы сын ад першага шлюбу. Яна знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Зімой тры тыдні жанчына правяла ў Навінках на псіхіятрычнай экспертызе.
Тым часам у Беларусі са студзеня 2022-га праходзілі суды над аўтарамі каментароў у сацсетках па "справе Зельцэра". Людзей адпраўляюць у калонію. Сярод іх — музыка Віктар Катоўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.