Ад Ціханоўскай патрабуюць стварыць урад да заўтра: з войскам і міні-Масадам

Ціханоўская і прадстаўнікі дэмсіл на канферэнцыі / скрыншот Еўрарадыё
Ціханоўская і прадстаўнікі дэмсіл на канферэнцыі / скрыншот Еўрарадыё

Памочнік камандзіра палка "Пагоня" Вадзім Пракоп'еў і кіраўнік НАУ Павел Латушка прапануюць Святлане Ціханоўскай ужо заўтра стварыць урад у выгнанні і абавязкова сфармаваць сілавы блок. З імі пагадзіліся прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў і прадстаўнік "Супраціву" Дзмітрый Шчыгельскі.

Пракоп'еў мяркуе, што Ціханоўская павінна сысці, калі яна не гатовая ўзначаліць урад і "адпраўляць людзей на смерць". Латушка думае, што ў новым урадзе Ціханоўская павінна быць "першай сярод роўных". Еўрарадыё сабрала самае цікавае з першай панэлі канферэнцыі "Новая Беларусь" пра тое, якімі павінны быць стратэгіі выхаду з крызісу дэмсіл.

 

"У нас няма яшчэ аднаго года. Прыміце рашэнне заўтра"

Першым пасля Святланы Ціханоўскай узяў слова Вадзім Пракоп'еў. На ягоную думку, змяніць рэжым у Беларусі і стварыць сур'ёзнае стаўленне да беларусаў можна, толькі калі дэмсілы перастануць быць наборам ініцыятыў і створаць паўнавартасны ўрад.

От Тихановской требуют создать правительство до завтра: с армией и мини-Моссадом

— У складзе гэтага ўрада павінны быць цывільная і вайсковая частка. Уключаючы МЗС, Дэпартамент фінансаў, Падліковую палату, Службу ўласнай бяспекі. Гэты ўрад павінен фармаваць бюджэты і збіраць падаткі. У падпарадкаванні павінны быць Узброеныя сілы і свой маленькі Масад.

Такі ўрад павінен прыцягнуць чыноўнікаў і ўнутры Беларусі. А цяпер ім проста няма да каго далучыцца, лічыць Пракоп'еў.

— Галаве такога ўрада давядзецца прымаць вельмі складаныя і непапулярныя рашэнні. Літаральна пасылаць людзей на смерць. І тут мы падыходзім да пытання, якое я адрасую Святлане Ціханоўскай, адзінаму чалавеку ў гэтай зале, які валодае легітымнасцю. Ці гатовыя вы быць гэтым чалавекам, які прымае на сябе адказнасць за лёс нацыі?

От Тихановской требуют создать правительство до завтра: с армией и мини-Моссадом
Рэакцыя залы на пытанне Пракоп'ева, ці трэба ствараць новы ўрад / скрыншот Еўрарадыё

— Калі ваш адказ, Святлана, не. Мы вас зразумеем, не асудзім і падтрымаем. Назаўжды запомнім ваш гераічны ўчынак 2020 года, але прапануем вам перадаць большасць сваіх паўнамоцтваў і прызначыць прэм'ер-міністра, які ўзначаліць не што іншае, як урад. Усё астатняе — дурыкі. Я быў захоплены вашай прамовай у Еўрапарламенце. Галоўны меседж быў такі: у нас няма яшчэ аднаго года. З таго моманту прайшло шмат часу. Я вяртаю вам ваш цудоўны тэзіс — у нас няма яшчэ аднаго года. Прыміце рашэнне заўтра.

 

"Сістэму можа перамагчы толькі сістэма"

Адзін з тэзісаў НАУ — падтрымаць заяву Ціханоўскай ад 24 лютага аб стварэнні Пераходнага кабінета.

— Наш пасыл вельмі просты: ні адзін план не спрацуе без канкрэтнай структуры, — заявіў Павел Латушка.

На ягоную думку, цяпер ні ў якіх ініцыятыў беларусаў няма дастатковых рэсурсаў для змены рэжыму Лукашэнкі і абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

От Тихановской требуют создать правительство до завтра: с армией и мини-Моссадом

— Трэба стварыць адзіную выканаўчую сістэму ўлады. Сістэму можа перамагчы толькі сістэма... Без стварэння кабінета немагчымы паўнавартасны легітымны нацыянальна-вызваленчы рух... І ў кабінеце павінен быць створаны магутны сілавы блок... Важна, каб кабінет быў створаны і пачаў сваю дзейнасць у найбліжэйшыя дні. Я падтрымліваю Вадзіма Пракоп'ева, каб гэтае рашэнне было прынята да заўтра.

Пераходны кабінет забяспечыць адзінства і здольнасць супрацьстаяць рэакцыйным, у тым ліку прарасійскім сілам. Пры гэтым у Латушкі няма іншых варыянтаў лідара для гэтага кабінета, акрамя Ціханоўскай.

— Святлана — першая сярод роўных сябраў урада. Рашэнні прымаюцца большасцю галасоў. Калі яна супраць, трэба пераадолець вета — дзве траціны галасоў, — апісаў сістэму працы Пераходнага кабінета Латушка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі