Альбом “Сваяк” Ярмоленкі з'яўляецца “парасонавым брэндам” гарэлкі?

Спецыялісты Мінгандлю палічылі, што ён прыкрывае брэнд гарэлкі з аналагічнай назвай. Пэўны час таму на бігбордах сталіцы з’явілася рэклама новага альбома Анатоля Ярмоленкі і ансамбля “Сябры”. Дыск называецца “Сваяк”. Але назва, стыль яе напісання і дата выхаду альбома дзіўным чынам супалі з назвай, стылем напісання і датай выхаду ў продаж новай гарэлкі — “Сваяк”.

Рэкламшчыца Юля Ляшкевіч у гэтым супадзенні не бачыць нічога дзіўнага. Як вядома,  рэклама алкаголю ў Беларусі забароненая. І таму рэкламісты карыстаюцца сродкам так званай схаванай рэкламы.



Юля Ляшкевіч: “Першымі сталі “Бульбаш”, якія выпусцілі ваду ў відавочна гарэлачнай упакоўцы. І гэта асноўны крок, калі выпускаюць ваду. Другі шлях — спонсарства. Гэтым займаўся вытворца піва “Сябар”, калі яны спансавалі тэнісныя турніры. А зараз я бачу альбом Ярмоленкі “Сваяк”. Гэта адзін са сродкаў. Галоўнае — захаваць агульнае напісанне, пазнавальнасць і даць гэта нейкаму іншаму тавару. Мушу сказаць, што вельмі цікава “Сваяк” паступіў: “Бульбаш” спачатку выпусціў гарэлку, а толькі потым ваду, а “Сваяк” спачатку “выпусціў” альбом”.



Ёсць яшчэ такія хітрыкі, як “25 кадр”. Яго ў рэкламных роліках выкарыстоўваюць тэлевізійшчыкі, кажа начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Ірына Барышнікава. Радыйшчыкі выкарыстоўваюць падвойны гуказапіс. За ўсё гэта прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.

Ірына Барышнікава:
“Паводле закону “Аб рэкламе” схаваная рэклама забароненая. Адпаведна, размяшчэнне такой рэкламы з’яўляецца парушэннем дзеючага заканадаўства. А за парушэнне патрабаванняў заканадаўства ў нас прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У выглядзе штрафа ад 20 да 50 базавых велічынь”.

Паводле яе словаў, рэклама новага альбома “Сяброў” таксама трапіла пад увагу спецыялістаў Мінгандлю. Альбом “Сваяк” яны палічылі “парасонавым брэндам”, які прыкрывае брэнд гарэлкі з аналагічнай назвай. Але, кажа, у нас магчыма рэклама гандлёвай маркі алкагольнага напоя, калі пад гэтай маркай выпускаецца тавар, дазволены да рэкламавання. Адзінае патрабаванне — каб буйным шрыфтам было пазначана, што дакладна, які тавар рэкламуецца.

Ірына Барышнікава:
“Сюжэт быў дапрацаваны, там пазначана, што гэта новы альбом. Ярмоленка мае права назваць свой альбом так, як ён хоча: “Сваяк” — дык “Сваяк”. Прычым прадпрыемства адмаўляе хоць нейкую сувязь з Ярмоленкам і з выхадам яго “Сваяка”. Таму у дадзеным выпадку цяжка нешта ўстанавіць і таму парушэння заканадаўства мы не ўгледзелі”.



Дарэчы, што тычыцца новага альбома ансамбля “Сябры”, то сапраўды новая там толькі песня “Сваяк”, напісаная Максімам Алейнікавым. Усе астатнія кампазіцыі — даўно вядомыя песні “Сяброў” мінулых гадоў. Згодна са словамі самога Анатоля Ярмоленкі, новы час і новыя тэхнічныя магчымасці падштурхнулі іх да таго, каб прадставіць слухачам любімыя песні ў якасным гучанні. Што ж тычыцца песні “Сваяк”, то, адзначае артыст, гэта не гурт скарыстаўся назвай гарэлкі і шрыфтам брэнда — а наадварот.

Анатоль Ярмоленка: “Яны звярнуліся да мяне: “Ці можам выкарыстаць і песню, і той шрыфт?” Я сказаў: “Калі ласка”, — яны мне праплацілі. Таму — чаму і не? Ішла спачатку гаворка аб мінеральнай вадзе, але потым я гляджу — пайшло так. Ну, што рабіць — бізнэс ёсць бізнэс”.

Гэта сапраўды так: бізнэс ёсць бізнэс. І калі нейкія законы перашкаджаюць бізнэсу, то пра іх можна “забыцца”. Так месяц таму супрацоўнікі Белдзяржтэлерадыёкампаніі "забыліся", што рэкламаваць гарэлку з тэлеэкрана забаронена, і паказалі сюжэт пра пачатак вытворчасці “новай, якаснай гарэлкі”. Гэтую, не надта і схаваную рэкламу, заўважылі і ў Мінгандлю, кажа Ірына Барышнікава.

Ірына Барышнікава: “Мы правялі нараду па пытанні выканання заканадаўства “Аб рэкламе” падчас распаўсюду рэкламы алкагольных напояў. У тым ліку закранулі тэму інфармацыйных матэрыялаў. Было пазначана, што ў дадзеным выпадку інфармацыйныя матэрыялы могуць разглядацца як рэкламныя матэрыялы. І зрабілі выснову, што трэба, каб у далейшым спыняліся выхады такіх матэрыялаў”.

Такім чынам, кіраўніцтву БТ проста паставілі на від. У той жа час рэкламшчыца Юля Ляшкевіч упэўненая, што гэта быў “праплачаны” сюжэт.

Юля Ляшкевіч: “Гэта адкрыта платны сюжэт. Можна нават не сумнявацца. Іншае — якім чынам ён быў аплачаны: афіцыйным ці неафіцыйным. Але такія сюжэты не з’яўляюцца выпадкова”.

Патлумачыць, якім чынам на дзяржаўным тэлебачанні з’явілася схаваная  рэклама гарэлкі, у аддзеле маркетынга БТ адмовіліся.

Фота: Змітра Лукашука і Еўрарадыё


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі