Алену Гнаук падазраюць у "дыскрэдытацыі Беларусі" і "абразе Лукашэнкі"
Пенсіянерку Алену Гнаук узялі пад варту. Адпаведную санкцыю дала пракуратура Пружанскага раёна, паведамляе сайт Генпракуратуры Беларусі.
Гнаук інкрымінуюць паклёп на кіраўніка дзяржавы і дыскрэдытацыю краіны (ч. 2 арт. 367 і арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса). Ёй пагражае да шасці гадоў зняволення.
Падставай для новай крымінальнай справы стаў пост пра мігрантаў, апублікаваны 23 лістапада 2021 года ў Фэйсбуку і Інстаграме. Як заяўляюць у пракуратуры, у ім былі "заведама ілжывыя звесткі аб прававым становішчы замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што было накіравана на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам".
Акрамя таго, на YouTube 3 кастрычніка яна размясціла ролік, у якім пракуратура разгледзела абразу кіраўніка Беларусі.
Алена Гнаук ўжо была асуджаная па "карагоднай справе" і за абразу Лукашэнкі. Ёй прысудзілі тры гады "хатняй хіміі". Падчас адбыцця пакарання жанчыну затрымалі за фотаздымак вывешаных на плот белых і чырвоных ручнікоў, абвінаваціўшы ў несанкцыянаваным пікеце і прысудзіўшы "суткі". Пасля гэтага Гнаук на волю ўжо не выйшла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.