Амбасадарка ЗША ў Беларусі пакуль працягвае працаваць у Вашынгтоне
Прызначаная амерыканская амбасадарка ў Беларусі Джулі Фішэр працягвае працаваць у цэнтральным апараце Дзярждэпартамента ў Вашынгтоне. Пра гэта на брыфінгу для журналістаў у сераду паведаміў кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента ЗША Нед Прайс.
"Яна не ў Мінску. Яна ў дадзены момант знаходзіцца тут", — прыводзіць ТАСС яго словы. Дыпламат не ўдакладніў, калі менавіта Фішэр адправіцца ў Мінск.
Ён падкрэсліў, што Фішэр наведала Еўропу, дзе сустракалася з некаторымі саюзнікамі і партнёрамі ЗША, каб "каардынаваць нашы калектыўныя намаганні ў падтрымку народа Беларусі".
Пасля дыпламатычнага скандалу ў 2008 годзе Мінск адклікаў свайго амбасадара з ЗША і запатрабаваў аналагічнага кроку ад Вашынгтона. Толькі ў 2019 годзе краіны заявілі пра магчымасць вяртання амбасадараў. У снежні 2020-га Джулі Фішэр была зацверджаная на гэтай пасадзе Сенатам Кангрэса ЗША. Аднак у Мінск яна так і не прыбыла, што неафіцыйна звязваюць з паслявыбарнымі падзеямі ў Беларусі. Аднак яна паспела ўжо сустрэцца са Святланай Ціханоўскай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.