Апеляцыйны суд у Сербіі адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі беларуса Андрэя Гнёта
Андрэй Гнёт
Апеляцыйны суд у Сербіі адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі беларуса Андрэя Гнёта. Яго справа зноў вернецца ў суд Бялграда для новага разгляду (ужо трэцяга), паведамляе n1info.rs са спасылкай на яго адваката Філіпа Сафіяніча.
"Калі суд зноў вырашыць, што ўмовы [для экстрадыцыі] былі выкананы, мы зноў абскардзім гэтае рашэнне", — сказаў адвакат гэтаму выданню.
Андрэй Гнёт застаецца пад хатнім арыштам да 30 кастрычніка.
Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, а таксама сузаснавальнік Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY, якое ў РБ аб'явілі "экстрэмісцкім фармаваннем". Ён пакінуў Беларусь па палітычных матывах. У кастрычніку 2023-га яго затрымалі ў Сербіі паводле ордара Інтэрпала: рэжым Лукашэнкі абвясціў Гнёта ў міжнародны вышук, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў.
Сем месяцаў палітуцякач правёў у сербскай турме, потым яго перавялі пад хатні арышт. Вярхоўны суд Сербіі пастанавіў экстрадзіраваць Андрэя Гнёта ў Беларусь, але ён з адвакатам абскардзіў гэтае рашэнне. У абарону Гнёта выступілі разнастайныя беларускія і міжнародныя арганізацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.