Аплаціць праезд у Мінску банкаўскай карткай можна будзе ўжо ў 2020 годзе
У 2020 годзе ў Мінску запрацуе сэрвіс безнаяўнай аплаты праезду ў наземным грамадскім транспарце. Гэта значыць, што праезд можна будзе аплаціць бескантактнай банкаўскай карткай. Пра новаўвядзенна паведаміла выканаўчы дырэктар БПС-Сбербанка Марына Асіпоўская на Мінскім транспартным форуме, перадае БЕЛТА.
Паспяховае апрабоўванне тэхналогіі адбылося на трамвайным маршруце №6, які звязвае Серабранку і Зялёны Луг. "Тэставанне дазволіла максімальна падрыхтавацца да маштабнага запуску сістэмы аплаты праезду бескантактавымі банкаўскімі картамі. Заадно мы пераканаліся, што тэхналогія карыстаецца вялікім попытам у пасажыраў. Мы гатовыя да наступнага кроку ўжо ў 2020 годзе", — падкрэсліла Асіпоўская.
Плаціць можна будзе карткай любога банка. Новаўвядзенне будзе дзейнічаць у аўтобусах, тралейбусах і трамваях. Кошт праезду застанецца такім самым, як і пры куплі папяровага квітка.
Сэрвіс падтрымлівае плацежныя сістэмы Visa, Mastercard і Белкарт-Maestro з бескантактавым інтэрфейсам. Таксама для разлікаў падыдуць смартфон, разумныя гадзіннікі ды іншыя прылады з падтрымкай тэхналогіі NFC.
Для аплаты трэба будзе паднесці картку да валідатара, дачакацца гукавога сігналу і тэкставага паведамлення. Вывучыць гісторыю паездак і выдаткаў, удакладніць статус банкаўскай карткі ды атрымаць электронны карт-чэк можна будзе ў асабістым кабінеце пасажыра на сайце сістэмы Paybycard.
Дарэчы, на 2020 год у сталіцы плануецца запусціць яшчэ адну навінку — віртуальныя праязныя. Іх прапануецца афармляць на патрэбную колькасць паездак. Яшчэ адна навіна - зніжкі для пасажыраў.
Следам за Мінскам тэхналогію могуць запусціць і ў рэгіёнах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.