Апублікаваны новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі

Цяперашні дакумент стане пятым

Цяперашні дакумент стане пятым / Reuters

7 чэрвеня апублікаваны новы Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі. У траўні законапраект быў унесены на разгляд у Палату прадстаўнікоў ЗША. Ён павінен скарэктаваць дзеянне акту ад 2004 года з улікам удзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны, у выкраданні і дэпартацыі ўкраінскіх дзецей, у правакацыях з выкарыстаннем мігрантаў на мяжы РБ і краін ЕС.

У Акце аб дэмакратыі змешчаны заклік да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі (іх налічвецца каля 1400), спынення выкарыстання беларускай тэрыторыі для расійскай агрэсііі супраць Украіны, прыцягнення Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці праз міжнароднае правасуддзе.

"Я ўпэўнены, што гэты дакумент адыгрывае важную ролю ў падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі, аказваючы палітычны, эканамічны і маральны ціск на рэжым Лукашэнкі, садзейнічаючы міжнароднай салідарнасці і намаганням па дэмакратычных пераўтварэннях у нашай краіне, мяркуе намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Валер Кавалеўскі. — Гэтым дакументам Кангрэс ЗША асуджае рэжым Лукашэнкі за фальсіфікацыю выбараў, рэпрэсіі, размяшчэнне расійскай ядзернай зброі, прысутнасць расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі ва Украіне і ўдзел у выкраданні і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь, утрыманне палітвязняў, выкарыстанне мігрантаў як зброі для дэстабілізацыі межаў Польшчы і Літвы".

Злучаныя Штааты не толькі выказваюць салідарнасць з беларускім народам, але і патрабуюць прыцягнення да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека і падтрымцы агрэсіі Расіі. "Гэта стварае юрыдычныя і маральныя падставы для пераследу вінаватых асоб і садзейнічае правасуддзю", — каментуе Кавалеўскі.

Кангрэс ЗША заклікае не прызнаваць рэжым Аляксадра Лукашэнкі і падтрымліваць правядзенне свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ (у тым ліку прэзідэнцкія выбары 2025 года), прызнаць Каардынацыйную раду і Аб'яднаны пераходны кабінет як "легітымныя інстытуты для дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і падтрымліваць іх у гэтым працэсе", узняць перад міжнароднымі арганізацыямі праблему пазбаўлення консульскіх паслуг беларускіх грамадзян за мяжой. Урад ЗША выступае за працяг увядзення мэтавых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

Першы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі быў прыняты амерыканскім Кангрэсам у 2004 годзе. Папярэдні — у снежні 2020 года на хвалі пратэстаў у Беларусі. Цяперашні дакумент стане пятым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі