Аршанскага студэнта асудзілі за карцінку з лагатыпам платформы "Голас"
Платформа "Голас" стала прычынай суда / кадр з відэароліка платформы "Голас"
У аршанскім судзе разгледзелі адміністрацыйную справу студэнта аднаго з мясцовых каледжаў. Як піша сайт orsha.eu, гэта чавертакурснік або медыцынскага, або педагагічнага каледжа. Пасяджэнне суда прайшло 10 сакавіка.
На старонцы Instagram у хлопца знайшлі карцінку з лагатыпам платформы "Голас". У 2020 годзе гэтая платформа вяла назіранне за выбарамі, а цяпер яе лагатып прызнаны экстрэмісцкім.
Юнак прызнаў, што "экстрэмісцкая карцінка" сапраўды была ў яго на старонцы, але меркаваў, што яна трапіла праз падабайку. Праўда, міліцыя знайшла сярод ягоных падпісак некаторыя групы, таксама прызнаныя экстрэмісцкімі.
Па цяперашнім часе пакаралі студэнта не вельмі цяжка — аштрафавалі на 925 рублёў (25 базавых велічыняў).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.