Атака дэмсіл на Ціханоўскую і Офіс: чым незадаволеныя апазіцыйныя палітыкі?
Святлана Ціханоўская на прэс-канферэнцыі пасля выбараў 2020 года ў Беларусі / Reuters / VASILY FEDOSENKO
Крытыка на адрас Святланы Ціханоўскай гучыць не толькі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер публічную незадаволенасць дзеяннямі Офіса Святланы Ціханоўскай сталі выказваць і прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі.
Якія прэтэнзіі назапасіліся ў інфлюэнсераў і палітыкаў? Напрыклад, Зянон Пазняк не тое што прыязджаць на "Канферэнцыю новай Беларусі" — нават знаёміцца са Святланай Ціханоўскай не хоча.
— Магчыма, пасля следства ў свабоднай Беларусі, калі паўстане пытанне аб яе [Ціханоўскай] арышце, тады пазнаёмлюся", — кажа палітык у інтэрв'ю "Радыё Рацыя". — Усё, што ў іх намечана на так званай Канферэнцыі, не мела ніякага значэння, не мае і не будзе мець. Гэта ўсё пустата і прафанацыя. Таму няма пра што гаварыць.
"Нас слухаюць, але не чуюць"
— 24 лютага было абвешчана аб стварэнні нацыянальнага органа ўлады [пераходны кабінет, створаны Святланай Ціханоўскай. — Еўрарадыё]. Колькі месяцаў прайшло? — пытаецца кіраўнік НАУ Павел Латушка. — Рашэнні не прынятыя. Мы можам зноў сабрацца на Кангрэс, на якім зноў не будуць прынятыя ніякія рашэнні. Ці добра гэта выглядае перад беларусамі?
Мы адкрытыя да дыялогу, да саўдзелу ў арганізацыі Кангрэса. Дзеля таго каб працаваць над усімі дакументамі, над прыняццем рашэнняў. Мы не крытыкуем дзеля таго, каб крытыкаваць ці схапіць хайп на гэтым усім.
Пытанне ў тым, чаму з'яўляюцца галасы Цапкалы, Пракоп'ева і гэтак далей? Таму што ўнутры нас не чуюць. Ёсць такое правіла дэмакратыі: умець слухаць і чуць. Вось нас слухаюць, але не чуюць.
Два гады мы рабілі вонкавы выгляд. Вы ведаеце мой характар. Я за больш канкрэтныя, ясныя, дакладныя дзеянні і крокі. І мы неаднойчы спрабавалі пераконваць Офіс. На жаль, атрымлівалася вельмі мала. Значыць, ужо проста прайшоў гэты рубеж.
— Але гэта не значыць, што я сёння раблю гэтую крытыку, каб пашкодзіць іміджу Офіса або Святланы Ціханоўскай, — працягвае Павел Латушка. — Я проста ўжо вымушаны публічна сказаць: мы за сумесныя дзеянні. Мы за тое, каб працаваць разам. Мы за тое, каб калі хтосьці выходзіць на міжнародную сустрэчу, каб там было некалькі чалавек. Наколькі больш моцнымі мы выглядалі б на сустрэчах, якія ладзіць Святлана Ціханоўская? Наколькі моцнымі мы выглядалі б менавіта перад беларускім грамадствам [дзякуючы таму], што мы выйшлі ўсе разам?
Я так разумею, пра гэта кажа і Цапкала, і Пракоп'еў, і Латушка. Пытанне: што нам адкажа Святлана Ціханоўская? Мы не хочам будаваць сістэму, калі адзін чалавек склікае Кангрэс, 300-350 чалавек, сваім уласным рашэннем. І фактычна ён вырашыў, каго запрасіць і каго не запрасіць. І гэты Кангрэс будзе прымаць рашэнні? Гэта дэмакратыя? Прабачце, прайшла тая мяжа, калі я не магу маўчаць. Бо ўсе папярэднія ўнутраныя спробы пераканаць не атрымалі ніякага выніку.
"У яе не было ніякай праграмы і няма ніякай праграмы"
А вось так гучаць прэтэнзіі, выказаныя на стрыме палітолагам Дзмітрыем Балкунцом.
— Гэтая гісторыя, калі чалавека возяць у залатой клетцы і кажуць, што яна [магчыма, Святлана Ціханоўская. — Еўрарадыё] прадстаўляе ўсё беларускае грамадства, — гэта глупства поўнае, — дзеліцца меркаваннем Дзмітрый Балкунец. — Насаджэнне аднаго правадыра — мне здаецца, што гэта велізарная памылка, якая цяпер адбываецца. Мне здаецца, што ў гэтай сітуацыі трэба прызнаць, што ў нас няма сапраўднага лідарства. У гэтай сітуацыі, мне здаецца, трэба пайсці дарогай непаўтарэння правадырства, якое ў Беларусі ўжо склалася. Мы ад аднаго правадыра ўжо 28 гадоў не можам пазбавіцца.
Неабходна прызнаць, што Святлана Ціханоўская была кандыдатам пратэсту. У яе не было ніякай праграмы і няма ніякай праграмы. Яна не піша ніякія тэксты сама. Ёй піша тэксты нейкая незразумелая каманда людзей, якія яе атачаюць. Нейкія незразумелыя дарадцы, якія заказваюць чарнуху ў нейкіх незразумелых выданнях і пачынаюць паклёпнічаць на розных удзельнікаў дэмакратычнага руху.
Нейкія людзі, якія абражаюць удзельнікаў дэмакратычнага руху публічна альбо асабіста ці адпраўляюць нейкія брудныя каментары ў публічных крыніцах. Я маю на ўвазе апошні скандал, які адбыўся ў дачыненні да Паўла Латушкі. Калі яго адкрыта абразіў адзін з людзей [магчыма, маецца на ўвазе Антон Матолька. — Еўрарадыё], які звязаны і сядзіць у Офісе Святланы Ціханоўскай. Гэта брудная гісторыя, і я лічу, што гэта недапушчальна ў дэмакратычным руху.
Цапкала просіць вярнуць традыцыі абмеркавання пытанняў
Разам з Дзмітрыем Балкунцом на стрыме прысутнічаў Валерый Цапкала. Ён таксама непахвальна адгукнуўся пра дзеянні Офіса Святланы Ціханоўскай.
— Мы хочам уцягваць беларусаў у працэс прыняцця рашэнняў. Мы лічым, што кулуарнасць — гэта шкода. Кулуарнасць заўсёды вядзе да злоўжыванняў. Кулуарнасць заўсёды вядзе да неэфектыўнасці. А што мы бачылі па тых трох ініцыятывах [да якіх датычны Офіс Святланы Ціханоўскай. — Еўрарадыё], якія на самай справе фактычна ні да чога не прывялі? Гэта забастоўка, гэта так званыя перамовы з Лукашэнкам і крыжыкі-нулікі [кампанія "Перакрэслі рэферэндум". — Еўрарадыё].
Але важна тое, што яны [ініцыятывы] даводзіліся як ад імя ўсёй беларускай дэмакратычнай супольнасці. Якая і знаць не знала, і духам не ведала пра тое, як яны там рыхтуюцца, якія аргументы "за" і "супраць". У гэтым ляжыць корань усіх праблем.
Гэты Офіс, пра які мы сёння гаворым, ён капіюе тую мадэль [беларускага рэжыму], якую ён ведае. Проста яна вывернутая наадварот. Усё там — і фінансаванне СМІ, яно адтуль бярэцца. І гэтыя размежаванні — гэта Офіс, гэта Кабінет. Гэтаксама, як і ў яго там [у Лукашэнкі], — вось гэта Адміністрацыя прэзідэнта, а гэта Савет Міністраў. Уся мадэль проста злізаная з той, якая існуе там.
Для нас асноўная задача — вярнуць тыя традыцыі абмеркавання пытанняў, якія ў нас былі ўкрадзеныя ў 1996 годзе. І якія мы, калі выехалі і апынуліся ў рассеянні, у выгнанні, чамусьці не можам выкарыстоўваць, вярнуць.
"Ці выбіралі мы Святлану Ціханоўскую дэмакратычным лідарам?"
Пытанні да Святланы Ціханоўскай і яе Офіса ёсць і ў спявачкі Анжалікі Агурбаш, якой у Беларусі свеціць крымінальнае пакаранне ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
— Я, шчыра кажучы, не зразумела: а мы выбіралі дэмакратычнага лідара? Мы давалі ёй такія паўнамоцтвы? Потым з'явіліся нейкія людзі ў яе асяроддзі. Кавалеўскі, Франак Вячорка — мы наогул не ведалі, хто гэтыя людзі, адкуль яны ўзяліся, — абураецца спявачка. — Папраўце мяне: ці выбіралі мы Святлану Ціханоўскую дэмакратычным лідарам? Ці надзялялі яе і яе Офіс паўнамоцтвамі прадстаўляць інтарэсы беларусаў і Беларусі?
— Офіс існуе два гады, — працягвае Анжаліка. — Мы нічога пра яго не ведаем, у нас няма ніякага доступу да інфармацыі. Адзінае, што мы маглі назіраць усе гэтыя два гады, — гэта так званы палітычны турызм. Гэтыя сустрэчы, пра якія мы не ведаем, што там абмяркоўваецца. Якія вынікі гэтых сустрэч? Мы ведаем пра нейкія велізарныя сумы грошай, якія вылучаюцца на падтрымку дэмакратычнай супольнасці, на рэпрэсаваных людзей, на дапамогу сем'ям, палітвязням і гэтак далей. Але я глядзела зараз эфіры, і калі задаюць пытанні "дзе грошы?" — ніхто не ведае. Офіс таксама не можа адказаць на гэтае пытанне.
Мне хочацца спытаць: а за кошт чаго наогул вы існуеце? Гэты бясконцы пафас, бясконцыя ваяжы [магчыма, Святланы Ціханоўскай. — Еўрарадыё] — гэта ж каштуе вялізных грошай.
Я ўжо не кажу пра бессаромную арду аховы вакол Святланы Ціханоўскай. Ёй патрэбна гэтая ахова? Вы ведаеце, колькі гэта грошай каштуе? Я публічны чалавек, я ведаю, што такое ахова.
Зрабіць Ціханоўскую "каралевай"
Рэстаратар Вадзім Пракоп'еў таксама не бачыць значных вынікаў дзейнасці Офіса Святланы Ціханоўскай.
— Мы ўжо чатыры месяцы ў вайне, і я разам з вамі не разумею, ці ёсць у галоўнага штаба беларускай апазіцыі [магчыма, Офіса Святланы Ціханоўскай] нейкі план, — выказваецца Вадзім Пракоп'еў у часе Форуму дэмакратычных сіл Беларусі. — Я разумею, што ёсць план у Пуціна, у Лукашэнкі, у Залужнага [галоўнакамандуючага УСУ]. Я не разумею, ці ёсць план у нашага лідарства.
У будучыні Вадзім Пракоп'еў хоча надзяліць Святлану Ціханоўскую выключна прадстаўніцкімі функцыямі і не пазбаўляць яе фармальнай улады. Усё гэта для таго, каб не губляць сувязь з заходнімі партнёрамі, якія, на думку Пракоп'ева, асацыююць беларускую апазіцыю пераважна са Святланай.
Далей ён прапануе адправіць дарадцу Франка Вячорку ў Манголію і паставіць прэм'ер-міністрам новай Беларусі хітрага "беларускага Чэрчыля", які будзе вырашаць усе дзяржаўныя пытанні.
"Канферэнцыя новай Беларусі" абяцае быць маштабнай. Яна павінна адбыцца ў пачатку жніўня ў Вільні. На сустрэчы будуць прысутнічаць як Святлана Ціханоўская, так і прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі, у якіх, як мы бачым, ёсць нямала набалелых пытанняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.