"Беларусь прызнае Абхазію, але Еўропа працягне дыялог"

Еўрарадыё сабрала меркаванні экспертаў пра магчымыя сцэнары развіцця беларуска-еўрапейскіх стасункаў. Еўрасаюз можа зноў скасаваць візы беларускім чыноўнікам, калі праз 6 месяцаў сітуацыя з дэмакратыяй у Беларусі не палепшыцца. Пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё паведаміла адказная за сувязі з прэсай, прадстаўніца офісу вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюзу па знешняй палітыцы і бяспецы Хаўера Саланы Крысцін Галах. "Мы чакаем ад Беларусі хуткага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, свабодай СМІ, мы таксама чакаем працэсу дэмакратызацыі, чакаем свабоды дзейнасці для недзяржаўных арганізацыяў. Пасля 6 месяцаў мы пабачым, як развіваецца працэс. І калі не будзе прагрэсу, канечне, санкцыі будуць адноўленыя. На працягу гэтых шасці месяцаў мы даем магчымасць палепшыць выкананне 12 умоваў, якія вы прыгадалі".

Аднак дырэктар Цэнтра па праблемах еўрапейскай інтэграцыі Юрый Шаўцоў лічыць, што, нават калі сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца, Еўропа будзе працягваць дыялог.

Юрый Шаўцоў: "Я думаю, усе гэтыя ўмовы - гэта фікцыя. Проста Еўропа, так бы мовіць, "трымае выраз твару". На самой справе на Захадзе прынятае прынцыповае рашэнне, амаль кансэнсуснае, - прымірацца з Беларуссю".

Спадар Шаўцоў упэўнены, што беларуска-еўрапейскія адносіны будуць паляпшацца нават нягледзячы на два крызісы, якія могуць чакаць нашыя стасункі бліжэйшым часам.

Юрый Шаўцоў: "Я думаю, адносіны будуць паляпшацца. Але нас чакае некалькі крызісаў. Адзін будзе звязаны з паседжаннем вышэйшай рады саюзнай дзяржавы, дзе, вельмі верагодна, мы падпішам дамову аб стварэнні адзінай сістэмы СПА з Расіяй. Гэта не будзе добра ўспрынята на Захадзе. І, магчыма, у студзені мы прызнаем Абхазію і Паўднёвую Асецію. Але я не думаю, што гэтыя два пункты занадта моцна паўплываюць на той распачаты працэс збліжэння, які зараз ідзе".

Рэдактар "БДГ" Пётр Марцаў лічыць адмену візавых санкцыяў разумным і нармальным крокам. Аднак, на яго думку, пацяпленне беларуска-еўрапейскіх адносінаў можна лёгка сарваць завышанымі патрабаваннямі.

Пётр Марцаў: "Важна не сарваць гэтыя перамовы. А сарваць іх можна толькі адным - нейкімі неадэкватнымі, завышанымі патрабаваннямі. Прычым двухбаковымі".

Пётр Марцаў не верыць у суцэльнае выпраўленне беларускага рэжыму за паўгода, аднак лічыць, што пэўныя крокі насустрач Беларусь і Еўропа прымуць ужо на працягу гэтага паўгода. Напрыклад, мяркуе спадар Марцаў, змены могуць тычыцца сітуацыі са СМІ ў нашай краіне.

Пётр Марцаў: "Натуральна, гэта не магчыма ўзяць і за паўгода цалкам змяніць палітычную сітуацыю, якая ў нас маецца. Але можна зрабіць пэўныя крокі. Магчыма, размова будзе весціся пра сродкі масавай інфармацыі".

На думку ж Юрыя Шаўцова, найбольшыя змены зараз будуць адбывацца ў сферы эканамічных праектаў з суседнімі краінамі. Так, першы візіт Лукашэнкі будзе, верагодна, у Літву, дзе прэзідэнт будзе выратоўваць краіну-суседку ад энергетычнага калапсу ў наступным годзе. Аднак палітолаг лічыць, што кардынальных паляпшэнняў у Беларусі не адбудзецца, пакуль не зменіцца апазіцыя.

Юрый Шаўцоў: "Нічога ў нас прынцыпова не зменіцца, пакуль не зменіцца апазіцыя. Калі апазіцыя застаецца такой радыкальнай і абапіраецца на вонкавыя сілы, ніякіх істотных зменаў у палітыцы беларускай дзяржавы не будзе".

Відаць, наступным адэкватным крокам Еўропы павінна быць увядзенне візавых санкцыяў супраць лідэраў беларускай апазіцыі.

Віталіна Грахоўская, Еўрапейскае радыё для Беларусі



Рэзалюцыя Савета па Беларусі

2897- ы сход савета МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІН
Люксембург, 13 кастрычніка 2008 г.


Савет прыйшоў да наступных высноваў:


"1.    Савет адзначае, што, нягледзячы на пэўныя паляпшэнні, парламенцкія выбары ў Беларусі 28 верасня 2008 года не адпавядалі дэмакратычным патрабаванням АБСЕ. Рада заклікае беларускія ўлады выправіць наяўныя недахопы і да канца супрацоўнічаць з Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека.

2.    Савет задаволены прагрэсам, дасягнутым падчас выбарчай кампаніі, у параўнанні з папярэднімі выбарамі, у прыватнасці, супрацоўніцтвам з АБСЕ/БДІПЧ і пашыраным доступам апазіцыі да сродкаў масавай інфармацыі. Мы вітаем вызваленне апошніх міжнародна прызнаных палітычных зняволеных перад выбарамі. Савет таксама адзначае мірныя паводзіны апазіцыі ўвечар у дзень выбараў.

3.    Еўрапейскі Саюз шчыра спадзяецца паступова аднавіць стасункі з Беларуссю і гатовы развіваць дыялог з беларускімі ўладамі і з ўсімі ўдзельнікамі дэмакратычнай дыскусіі з мэтай падтрымаць умацоўванне дэмакратыі і захаванне правоў чалавека ў гэтай краіне. Савет таксама звярнуў увагу на сустрэчу тройкі з беларускім Міністрам замежных спраў і, каб падтрымаць гэтыя падзеі, вырашыў аднавіць кантакты з беларускімі ўладамі, абмежаваныя рэзалюцыямі Савета ад 22 і 23 лістапада 2004 года.

4.    З мэтай падтрымання дыялогу з беларускімі ўладамі і прыняцця пазітыўных мер для ўмацавання дэмакратыі і захавання правоў чалавека, Савет - падоўжыўшы абмежаванні, прадпісаныя Агульным Палажэннем 276/2006/ Агульная знешняя палітыка і палітыка бяспекі і пашыраныя Агульным Палажэннем 288/2008/ Агульная знешняя палітыка і палітыка бяспекі - прыняў рашэнне аб тым, што абмежаванні на падарожжы, накладзеныя на ключавыя асобы Беларусі, за выключэннем асоб, датычных да знікненняў людзей у 1999 і 2000 гг. а таксама кіраўніка Цэнтравыбаркаму, будзе знятыя на паўгода, але могуць быць вернутыя. У канцы гэтага перыяду Савет ацэніць прагрэс беларускіх улад у рэфармаванні Выбарчага Кодэкса, неабходнага для адпаведнасці нормам АБСЕ і іншым міжнародным стандартам, павагі дэмакратычных каштоўнасцяў, захавання заканадаўства, правоў чалавека і асноўных свабод, уключаючы свабоду слова і сродкаў масавай інфармацыі, свабоду збораў і палітычных асацыяцый. Савет можа прыняць рашэнне аб узнаўленні дадзеных абмежаванняў раней за азначаны тэрмін у залежнасці ад дзеянняў беларускіх улад у сферы дэмакратыі і правоў чалавека.

5.    Улічваючы сувязі адміністрацыі з насельніцтвам, што цяпер умацоўваюцца, Савет падтрымлівае ўзмацненне тэхнічнага супрацоўніцтва, ініцыяванага Камісіяй па Беларусі ў сферы ўзаемных інтарэсаў. Еўрапейскі Саюз працягне аказваць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі з мэтай садзейнічання развіццю дэмакратычнага і плюралістычнага асяроддзя.

6.    Еўрапейскі Саюз падкрэслівае, што ён гатовы паглыбляць стасункі з Беларуссю і пераглядзець абмежавальныя меры, прынятыя супраць вядучых беларускіх палітыкаў, у сувязі з прагрэсам Беларусі на шляху да дэмакратыі і захаванню правоў чалавека. Савет гатовы аказаць Беларусі падтрымку ў дасягненні гэтых мэт. "




Фота bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі