Беларусам зноў заблакавалі карткі ва Украіне. “Ніводнай грыўні наяўных”
Праблемы беларусаў з карткамі цягнуцца ўжо больш за год / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Праблемы з карткамі заўважылі карыстальнікі аднаго з найбольш папулярных ва Украіне банкаў “Прыватбанк”. Там прапануюць пачакаць і абяцаюць звязацца з кліентамі пазней. Таксама можна звярнуцца ў аддзяленне банка, каб паспрабаваць вывесці грошы на замежныя карткі, але такая магчымасць ёсць далёка не ва ўсіх.
Еўрарадыё даведалася, што адбываецца.
“Наяўнымі не карыстаюся. Вось і ўліп па поўнай”
Нацбанк Украіны заблакаваў карткі беларусаў амаль адразу пасля пачатку паўнамаштабнага уварвання Расіі ва Украіну. Некаторым атрымалася дабіцца разблакавання. Цяпер аказваюцца недасяжнымі сродкі і гэтых людзей.
— Я спрабаваў зайсці ў свой мабільны дадатак банкаўскі. Не змог гэтага зрабіць разоў дзесяць, — кажа беларускі журналіст, пазаштатны аналітык Цэнтра старатыгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі Зміцер Галко. — У супольным чаце беларускіх журналістаў я пабачыў, што ўсе грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ва Украіне, сутыкнуліся з той самай праблемай. У іх заблакаваныя мабільны дадатак і карткі.
Я пайшоў у “Прыватбанк”. Там доўга дзівіліся на мой дакумент. Гэта ў мяне даведка, што я знаходжуся пад абаронай Украіны. Пыталіся доўга, ці няма якіх іншых дакументаў. Акрэдытацыю яшчэ ім паказаў ад Мінабароны. Сказалі, што патэлефануюць, калі магчыма будзе хоць нешта зрабіць. Нібыта ніякай новай пастановы [Нацбанка Украіны. — Еўрарадыё] не было. Зноў чамусьці задзейнічалі старую пастанову. Пакуль гэта ўсё, што я ведаю.
У мінулым годзе картку Змітра пашчасціла разблакаваць з дапамогай звароту Беларускай асацыяцыі журналістаў да украінскіх чыноўнікаў. Амаль год картка працавала без праблем. Цяпер Зміцер апынуўся ў Кіеве без грошай.
— У мяне няма ніводнай грыўні. Я наяўнымі проста не карыстаюся. Вось і ўліп па поўнай. Гэта не найбольшая насамрэч праблема, але складана. Усе перасоўванні унутры краіны, калі на фронт, як ты купіш квіткі анлайн?
Бежанцы не могуць завесці картку, якая будзе працаваць
Таксама праз БАЖ атрымалася вырашыць пытанне з рахункамі беларускай актывістцы Арыне Коршунавай. Цяпер яе картка зноў заблакаваная.
— Я жыла з рахункамі, была вельмі задаволеная, што ў мяне ёсць такая магчымасць. Бо праз вайсковы стан камісія з іншых картак, асабліва валютных, даволі вялікая. А сёння зранку прыйшоў ліст пра тое, што я “тэрарыстка”, і мне заблакавалі рахунак.
Некалькі тыдняў таму першым людзям, якім разблакоўвалі рахункі ў мінулым годзе, сталі зноў іх заблакоўваць. Таму я ўжо разумела, што такая сітуацыя магчымая. Я вывела ўсе свае грошы, акрамя ста долараў. У лісце ад банка сказана, што я магу прыйсці цягам трыццаці дзён у любое аддзяленне “Прыватбанка” і папрасіць перавесці свае грошы на нейкую іншыю картку. Мне пашчасціла мець магчымасць выязджаць. Я зрабіла рахунак у Польшчы, каб перавесці грошы.
Але, нажаль, ёсць беларусы, якія прасілі статус бежанца ва Украіне. Яны не маюць магчымасці выехаць і зрабіць картку ў якім-небудзь еўрапейскімі банку. На жаль, “Прыватбанк” не падзяляе думку, што Revolut і Wise — гэта сапраўдныя банкі. Лічыцца, шта гэта фінансавыя кампаніі, і як альтэрнатыўны шлях вывядзення грошай не падыходзіць.
На тое, што карткі разблакуюць у бліжэйшы час, журналістка не разлічвае, але ставіцца да сітуацыі з разуменнем.
— Мне пашчасціла мець сяброў ва Украіне, якія падзеляцца са мной сваім “Прыватбанкам”. Ва Украіне ў ваенны час гэта найзручнейшы банк.
СБУ перастала адказваць на паведамленні
Блакаванне картак — працяг палітыкі выціскання беларусаў з Украіны, лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
— Такой палітыкі банкі прытрымліваюцца ўжо цэлы год. І паўплываць на яе мы наўрад ці можам. На момант пачатку вайны ва Украіне было каля ста беларукіх журналістаў. Дзякуючы БАЖу удалося разблакаваць рахункі дзесьці палове. Потым, на жаль, СБУ перастала з намі камунікаваць.
Каб Нацбанк Украіны дазволіў разблакаваць чыйсьці рахунак, трэба спачатку прайсці праверку ў СБУ.
— Еўрапейкая асацыяцыя журналістаў таксама звярталася ў СБУ, і Нацыянальны саюз журналістаў Украіны звяртаўся. Але СБУ застаецца непахіснай. З кастрычніка на мае звароты нават не адказвае, — падводзіць рысу Барыс Гарэцкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.