Беларусі патрэбныя тысячы медыкаў, але ўлады працягваюць ім пагражаць
Лукашэнка на адкрыцці бальніцы ў Касцюковічах у 2002-м
"Паехаў — назад не вернешся, там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, па якія паехаў", — заявіў у пачатку лістапада Аляксандр Лукашэнка.
Пасыл гэты — для дактароў, якія з'язджаюць працаваць за мяжу.
Сёння ў Беларусі патрабуюцца тысячы медыцынскіх работнікаў, але ніякіх іншых метадаў рашэння праблемы, акрамя пагроз, улады пакуль не ўжываюць.
Еўрарадыё вывучыла, якіх медработнікаў і на якія грошы шукаюць у Беларусі.
Толькі 20% вакансій — на заробак 1000 рублёў
На 10 лістапада ў Беларусі зарэгістравана 2753 вакансіі для дактароў-спецыялістаў і яшчэ каля трохсот — для памочнікаў дактароў (напрыклад, фельчараў).
Многія медыцынскія ўстановы шукаюць дактароў не на цэлую стаўку. Напрыклад, у аграгарадку Мірны ў цэнтр рэабілітацыі патрабуецца медык на 0,15 стаўкі. Заробак — ад 65 рублёў. У месяц.
У бальніцы Гомеля патрэбен доктар-рэўматолаг на чвэрць стаўкі. Абяцаны даход — ад 93,75 рубля.
Часта нават на цэлую стаўку прапануюць заробак каля мінімальнага: каля 375 рублёў. У тым ліку — для спецыялістаў у невялікіх паліклініках або бальніцах у абласных цэнтрах.
Прыблізна кожная пятая вакансія абяцае заробак ад 1000 рублёў, вышэй за 1,5 тысячы — кожная 52-я(!).
Мяркуючы па размеркаванні вакансій, вялікі недахоп дактароў адчуваюць у Брэсцкай і Гомельскай абласцях, а таксама ў Мінску.
Акрамя таго, Беларусі патрэбныя амаль тры тысячы медсясцёр (заробак 1000 рублёў прапануюць толькі ў адным месцы) і крыху менш за дзве тысячы санітараў (максімум — 600 рублёў). Такім чынам, агульны дэфіцыт медыцынскіх кадраў усіх звёнаў — крыху менш за восем тысяч.
"Шэсць гадоў вучобы, а заробак — меншы, чым на заводзе"
Як тлумачыць Еўрарадыё доктар адной з бальніц Віцебска Уладзіслаў (імя змененае па просьбе суразмоўніка), асабіста ён вострай нястачы калег не адчувае, хоць і прызнае дэфіцыт медсясцёр, асабліва ў рэанімацыйных аддзяленнях.
"Многія знаёмыя, аднакурснікі паехалі працаваць у Расію, яшчэ да пандэміі. Бо, нягледзячы на ўсю крытыку расійскай медыцыны, заробкі там, нават у невялікіх гарадах, істотна вышэйшыя. Калі ў Расіі было сказана, што доктар павінен атрымліваць 200% ад сярэдняга заробку па рэгіёне, то ў нас заяўлены заробак 80% ад вытворчай сферы. Прычым гэта сярэдні заробак на колькасць дактароў, нягледзячы на колькасць ставак, якія яны займаюць", — кажа Уладзіслаў.
Большасць дактароў, адзначае ён, працуе на паўтары і больш ставак. Гэта адзінае выйсце атрымліваць больш-менш нармальны даход.
"Гэта значыць, доктар, які навучаўся шэсць гадоў ва ўніверсітэце, год у інтэрнатуры і шмат гадоў працягваючы навучацца падчас практыкі, павінен працаваць у паўтара раза больш і атрымаць заробак меншы, чым работнік завода з сярэдняй адукацыяй", — дадае медык.
Па словах Уладзіслава, медсясцёр не хапае як праз невысокія заробкі, так і праз цяжкую працу і частыя начныя дзяжурствы. І прыводзіць прыклад: хірург найвышэйшай катэгорыі можа зарабляць паўтары тысячы рублёў, другой або без катэгорыі — каля 1200, а доктар тэрапеўтычнага профілю — да 1200. І гэта на тыя ж паўтары стаўкі. Гэта значыць, пры працы ў нармальным графіку даходы куды меншыя.
Нядаўнюю спробу вырашыць праблему з узроўнем заробкаў медыкаў — указ Аляксандра Лукашэнкі — Уладзіслаў ацэньвае негатыўна: "Ён сітуацыю па заробку не палепшыў, а ў некаторых выпадках нават пагоршыў".
"У часе пандэміі праца змянілася ў разы. Нагрузка стала каласальная, Немаладыя дактары і медсёстры, баючыся захварэць, перайшлі на працу, не звязаную з інфекцыяй, або на пенсію. Абяцаныя кавідныя даплаты атрымаць не так проста. Кожны выпадак трэба пацвярджаць, для гэтага трэба выконваць тэсты на кавід, а яны могуць адсутнічаць або забараняцца кіраўніцтвам. Акрамя таго, тэсты не маюць дастатковай адчувальнасці і нават у відавочных выпадках, калі з аднолькавымі сімптомамі паступаюць людзі з адной сям'і, у адным выпадку даюць станоўчы, у іншым адмоўны вынік. Пацыент лічыцца кавідным (для даплат) не з моманту захворвання або паступлення ў бальніцу або на прыём у паліклініку, а з моманту выканання тэсту. Пацыент паступае ў суботу, тэст з арганізацыйных прычын робіцца ў панядзелак, вынік станоўчы — даплаты будуць толькі з панядзелка, гэта значыць медыкі хуткай, дзяжурныя ў суботу і нядзелю з кавідам нібыта і не працавалі", — тлумачыць доктар.
Ёсць і іншыя механізмы, як "схітраваць" і зрэзаць даплаты, дадае Уладзіслаў:
"Такія хітрасці з сумленна заробленымі даплатамі ўзмацнілі недавер медыкаў да Мінздароўя, і цяпер усе ў чаканні, калі даплаты раптам прыбяруць. На такі выпадак многія знаёмыя ўжо выканалі ўсе неабходныя ўмовы для пацвярджэння дыплома ў Расіі, каб можна было хутка з'ехаць".
На думку Уладзіслава, пагроза закрыць межы для дактароў не спыніць спецыялістаў ад эміграцыі.
"Ёсць прыклады, калі дактары ехалі ў Падмаскоўе або невялікія гарады каля Піцера і за некалькі гадоў будавалі жыллё ў самой Маскве ці Піцеры", — адзначае доктар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.