Беларуская супрацьпаветраная абарона магла спрабаваць збіць расійскі дрон — СМІ
Расійскі дрон, ілюстрацыйнае фота
У кастрычніку сілы супрацьпаветранай абароны Беларусі маглі спрабаваць збіць расійскі баявы беспілотнік. Увагу на гэта звярнуў сайт "Флагшток".
Як распавядала Еўрарадыё, напярэдадні з'явілася мапа атак беспілотнікамі ўкраінскай тэрыторыі з 6 верасня па 3 лістапада 2023-га. На ёй бачна, што адзін з "Шахедаў" прыляцеў ва Украіну з тэрыторыі Беларусі ці праз яе.
У каментары "Флагштоку" спецыялісты маніторынгавага канала паведамілі, што запускі БПЛА за тэрыторыі Беларусі за час назірання не зафіксаваныя. Маршрут некаторых эксперыментальных расійскіх беспілотнікаў (не "Шахедаў") можа паказвацца на мапе некарэктна: "Яны прайшлі па мяжы Беларусі каля 00:00-02:00 у ноч з 24.10 на 25.10".
Журналісты "Флагштока" высветлілі, што акурат у ноч з 24 на 25 кастрычніка пра гучныя выбухі паведамлялі ў сацсетках жыхары Мазыра. Шум быў настолькі гучны, што многія адчулі вібрацыю сцен і пачулі бразганне шкла, брахалі спалоханыя сабакі, спрацавалі сігналізацыі аўтамабіляў. Пра гэта мазырчукі масава пісалі ў сацсетках 25 кастрычніка.
Гук выбуху чулі таксама жыхары суседніх вёсак. Шум выбухаў быў зафіксаваны таксама ў Нараўлянскім і Ельскім раёнах.
У МНС дзяжурны заявіў, што ніякага выбуху не чулі і ўсё спакойна. А міліцэйскі паблік 26 кастрычніка заявіў, быццам гэта былі выбухі на Корасценьскім радовішчы гранітаў ва Украіне. Міліцыянтаў не збянтэжыла, што Корасцень размешчаны за 125 кіламетраў ад Мазыра, а таксама тое, што ўначы выбуховыя работы не праводзяць.
"Флагшток" робіць выснову, што па беспілотніку стралялі ракетныя комплексы супрацьпаветранай абароны, размешчаныя ў Мазырскім раёне. Але пацэліць, відавочна, не змаглі, бо дрон паляцеў далей ва Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.