Беларускі добраахвотнік Дзяніс Урбановіч пасля пяці раненняў вярнуўся на фронт
Дзяніс Урбановіч
Пасля пяці раненняў на фронт вярнуўся З4-гадовы беларускі добраахвотнік Дзяніс Урбановіч (пазыўны "Ваўкалак"), піша "Наша Ніва". У батальёне "Волат" ён камандуе штурмавой групай.
Апошняе раненне Урбановіч атрымаў сёлета ў верасні. Цяпер ён рыхтуе маладое папаўненне да выкання баявых задач.
Па словах Урбановіча, у цэлым ён пачуваецца добра і можа выконваць баявыя задачы. Вайсковая камісія дазволіла добраахвотніку вярнуцца на службу. Тыдзень таму ён справіўся з марш-кідком на 25 кіламетраў і можа прайсці любы кіламетраж з аўтаматамі і гранатамётамі.
Добраахвотнік кажа, што прывык да жыцця на перадавой. Акрамя таго, на фронт яго вабіць і патрэба ў адрэналіне: яму нестае рызыкі.
Дзяніс Урбановіч ваюе з сакавіка 2022 года. Ён узнагароджаны медалём "За баявыя заслугі" Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, а таксама медалём "За баявыя заслугі" Рады БНР.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.