Беларускі спартсмен Андрэй Краўчанка за 5 дзён галадоўкі страціў 8 кг вагі
Срэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў, дзесяціборац 35-гадовы Андрэй Краўчанка праводзіць 10-дзённую галадоўку на знак салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. Ён п'е толькі ваду. У інтэрв'ю Радыё Свабода Краўчанка прызнаўся, што за пяць дзён страціў 8 кг вагі. Яго калаціла, была бяссонніца і галавакружэнні. "І гэта пры тым, што я дома, я магу чымсьці займацца, быць з дачкой, — кажа спартсмен. — Плюс я п’ю добрую ваду. У турме няма нармальнай вады".
Летась Краўчанка правёў 10 сутак за кратамі. Ён — адзін з падпісантаў ліста спартсменаў супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары ў Беларусі. Андрэй Краўчанка уваходзіць у Свабоднае аб'яднанне спартсменаў, удзельнічаў у вулічных маршах 2020-га ў Мінску і публічна выказваў сваё меркаванне па палітычных і сацыяльных праблемах.
"Наступствы ў майго ўчынку могуць быць, мы цяпер усе як на парахавой бочцы сядзім, — працягвае Краўчанка. — Але тут ты альбо мірысся і становісся рабом, альбо гнеш сваю лінію".
Каб дапамагчы сем'ям беларускіх палітвязняў, дзесяціборац выставіў на аўкцыён свой залаты медаль чэмпіянату Еўропы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.