Срэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Андрэй Краўчанка абвясціў галадоўку
Срэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў дзесяціборац Андрэй Краўчанка абвясціў 10-дзённую галадоўку. Ён ладзіць гэтую акцыю на знак салідарнасці з палітвязнямі. На сёння такі статус у Беларусі маюць 357 чалавек.
Краўчанка — адзін з падпісантаў ліста спартоўцаў супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары. Ён уваходзіць у Свабоднае аб'яднанне спартоўцаў, неаднаразова ўдзельнічаў у вулічных маршах 2020-га і публічна выказваў сваё меркаванне па палітычных і сацыяльных праблемах.
У лістападзе 2020-га яго разам з кікбаксёрам Іванам Ганіным затрымалі на аўтастаянцы ў цэнтры Мінска і асудзілі на 10 сутак арышту. Гэты арышт спартовец згадвае ў сваім звароце.
"8 лістапада 2020 года мяне затрымалі на стаянцы ў цэнтры Мінска і дасталі проста з машыны. Памятаю ўдар у скронь, боль ад сцяжак на руках, 14 гадзін тварам да сцяны ў РУУС і паездку ў Жодзіна. А для сваіх родных я тады проста знік. Чатыры дні ў майго адваката не было ніякай інфармацыі пра тое, дзе я і што са мной", — піша спартовец.
⠀
За час арышту ў Жодзіне яму не аддалі ніводнай перадачы: ні прадукты, ні цёплыя рэчы, ні зубную шчотку. З-за кратаў спартовец выйшаў з каранавірусам. "Але я хаця б вярнуўся... Сотні ж беларусаў атрымалі рэальныя тэрміны, а 357 з іх прызнаныя палітвязнямі", — піша ён.
Краўчанка заяўляе, што не можа прымірыцца з тым, што арышты ў краіне сталі будзённай з'явай: "Мяне палохае тое, што арышты ператварыліся ў штодзённасць, сталі руцінай. А за кратамі проста цяпер сядзяць сапраўдныя людзі — гэта іх рэальныя жыцці, гэта паламаныя жыцці іх сем'яў. Ніхто не верне ім гэтага часу, яго ніколі нельга будзе нагнаць. І я не магу змірыцца з гэтым".
⠀
Каб дапамагчы сем'ям палітвязняў дзесяціборац выставіў на аўкцыён свой залаты медаль чэмпіянату Еўропы ў памяшканнях. Краўчанка адзанчае, што гэтая ўзнагарода яму дарагая тым, што ён выступаў з сур'ёзнай траўмай і ледзь не вырашыў зняцца з турніру.
Таксама на знак салідарнасці з палітвязнямі ён правядзе 10-дзённую галадоўку: "Я ні да чаго не заклікаю і не раю паўтараць, але мне вельмі цяжка страваваць гэтую жахлівую беларускую рэальнасць. Няхай будзе з намі сіла!".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.